30 Seconds To Mars запісалі новы альбом сумесна з фэнамі

Новы альбом 30 Seconds To Mars “This Is War” абяцае стаць па-сапраўднаму інтэрактыўным рэлізам. Рокеры пад кіраўніцтвам Джарэда Лета (Jared Leto) актыўна задзейнічалі фэнаў падчас стварэння новай пласцінкі: прыхільнікаў гурта можна будзе пачуць у харавых падпеўках і ўбачыць іх фота ў афармленні альбомнага буклета.

“Мы хацелі развярнуць мікрафон у залу, — тлумачыць Лета. — Нядаўна мы пачалі праводзіць сустрэчы з фэнамі, якія называем “самітамі”. Адну такую сустрэчу мы правялі ў Лос-Анжэлесе ў клубе Avalon, і ён быў набіты бітком. Усяго было восем самітаў, але гэтага мала — нам дагэтуль пішуць фэны, якія не змаглі на іх патрапіць. Мы выкарысталі матэрыял з гэтых канцэртаў для харавых прыпеваў у нашым новым альбоме”.

Таксама 30 Seconds To Mars прасілі сваіх фэнаў дасылаць ім сваё фота, з якіх потым было складзена некалькі варыянтаў вокладкі дыска. “Мы выдатна ведаем, што цяпер усе рэлізы прадаюцца ў асноўным не на фізічных носьбітах, а ў лічбавым выглядзе. І менавіта таму нам захацелася выпусціць фізічны рэліз, які быў бы сапраўды незвычайным і важным для прыхільнікаў”, — кажа франтмэн.

Нагадаем, што “This Is War” стане паслядоўнікам пласцінкі “A Beautiful Lie”, выдадзенай чатыры гады таму. Рэліз альбома адбудзецца 4 снежня, дэбютны сінгл “Kings and Queens” ужо прэзентаваны на радыё і займае пяты радок хіт-парада Billboard Alternative.

У лістападзе 30 Seconds To Mars адыграюць некалькі канцэртаў у падтрымку “This Is War” у Еўропе, а на пачатку наступнага года плануюць адправіцца ў паўнавартасны тур па Амерыцы.

Фота: www.liveinternet.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі