"Аб нас ногі выцерлі": рабочыя пра тое, як бастуе МЭТЗ і як з яго звальняюць
Мінчукі падтрымалі супрацоўнікаў МЭТЗ
За мінулы тыдзень з МЭТЗ звольнілі 25 чалавек. Зваршчык Уладзіслаў (імя зменена па просьбе героя) упэўнены, што горш ад гэтага толькі самому заводу. Яго калега Артур (імя таксама зменена, звесткі суразмоўнікаў ёсць у рэдакцыі) падказвае начальству: праз гэтыя звальненні сарвуцца кантракты і не будзе выкананы план.
Артур адпрацаваў на Мінскім электратэхнічным заводзе 13 гадоў. На мінулым тыдні яго пропуск заблакавалі, а потым патэлефанавалі з пытаннем: "Дзе твая шафка?". Артур адказаў — і пачуў гук балгаркі.
Шафку рабочага адчынілі, рэчы адабралі. Каб у яго не заставалася сумневаў, што на заводзе ён больш не працуе.
Хатнія яго падтрымалі. Артур вырашыў адпачыць і пакуль не шукае новую працу. Ён упэўнены, што пражыве без завода. Але ці зможа МЭТЗ выжыць без звольненых?
Паводле звестак саміх завадчан, на іх месца ўжо прыехалі штрэйкбрэхеры.
"Прывозь бальнічны, забірай працоўную"
З 16-га цэха на мінулым тыдні "пайшлі" васямнаццаць чалавек. Рабочыя да гэтага часу варожаць, па якім прынцыпе адміністрацыя завода выбрала тых, каго больш не хоча бачыць у ліку супрацоўнікаў прадпрыемства.
Брыгада, у якой працаваў адзін з суразмоўнікаў Еўрарадыё, павінна была заступіць на змену ўночы на 26 кастрычніка — у панядзелак, дзень, на які была прызначана агульнанацыянальная забастоўка:
— Мы баяліся браць на сябе адказнасць, не ведалі, падтрымаюць астатнія калегі ці не. Прыехалі хлопцы першай і другой змен. У выніку тры змены сабраліся на заводзе і ўсё ж вырашылі абвясціць забастоўку.
Вылучылі галоўныя патрабаванні — спыніць гвалт і правесці новыя выбары. Потым прыехала начальства завода, пагаварылі — і пра палітыку, і пра падвышэнне заробкаў.
— Многія далі слабінку. Хтосьці ўжо ў той жа дзень гатовы быў працаваць, хай і не ў такім рэжыме, як раней. А на наступны дзень мы даведаліся, што звольненыя, — працягвае Артур.
У сеціве з'явілася фота рабочых-забастоўшчыкаў падчас перамоў з начальствам. Многія з тых, хто трапіў на гэта фота, на працягу наступнага тыдня перасталі быць супрацоўнікамі МЭТЗ.
— Выходзіць, працоўныя аддалі ўсім, хто трапіў на фота?
— Не ўсім. Мы так і не зразумелі, па якім прынцыпе звольнілі людзей. Такое пачуццё, што прыйшло распараджэнне — звольніць столькі і столькі чалавек, і рабочых выбралі проста наўздагад.
Зваршчык Уладзіслаў у той панядзелак павінен быў заступіць на змену а 15:50. Раніцай прыйшоў, толькі каб падтрымаць калег. Потым сустрэў са школы хворага сына — у дзіцяці паднялася тэмпература. Рабочы адкрыў бальнічны, закрыць яго збіраўся ў пятніцу, а ў наступны панядзелак, 2 лістапада, планаваў вярнуцца да працы.
— Але да пятніцы мой пропуск ужо заблакавалі. Тэлефаную на завод: што мне рабіць? Мне сказалі: забірай працоўную.
Інструменты Уладзіслаў здаць не змог дагэтуль, абходны ліст не падпісаў, асабістыя рэчы яму таксама так і не аддалі.
— Сказалі: прыедзеш праз тыдзень, майстар вынесе ў пакеце. А ў працоўнай напісалі, што мы нанеслі шкоду заводу ў памеры трох сваіх заробкаў. Я прабыў на змене ўсяго гадзіну — дык якую шкоду я за гэты час мог прынесці заводу?
Звольнілі не толькі Уладзіслава, які ўвесь тыдзень быў на бальнічным, але і яго калегу, які ў панядзелак, дзень забастоўкі, быў у адпачынку і выйшаў на працу, толькі каб падтрымаць калег і іх патрабаванні.
Дык вы хацелі баставаць?
Агульнанацыянальная забастоўка выйшла імклівай — праз дзень забастоўшчыкі страцілі працу. А вось італьянская забастоўка цягнулася на заводзе ледзь не ўвесь верасень.
— Як раней было? У нас суботу зрабілі, па сутнасці, працоўным днём, хоць па заканадаўстве ў чалавека можа быць максімум 12 працоўных субот у год. І калі мы вырашылі не выходзіць на працу ў свае выхадныя, сталі для начальства ворагамі. Адзін месяц мы пратрымаліся, потым нам паабяцалі павысіць расцэнкі, налічыць прэміі. А замест гэтага — звольнілі, — кажа Артур.
У жніўні баставаў галоўны корпус МЭТЗ. Зваршчыкі з 16-га цэха працуюць за МКАДам, у Калядзішчах. Там летам было ціха, 26 кастрычніка — першы выпадак, калі рабочыя вырашылі гучна заявіць пра сваю пазіцыю.
— Палова людзей быццам бы за перамены, але баяцца за сваё месца, баяцца апынуцца на тым месцы, дзе мы знаходзімся цяпер.
Каму ад гэтага горш?
Каб навучыць новых людзей выконваць працу звольненых супрацоўнікаў, трэба мінімум паўгода, упэўненыя Уладзіслаў і Артур.
— Калі будуць вялікія кантракты, завод без нас не справіцца. Калі прыйдзе новы зваршчык, гэта не значыць, што ён адразу пачне выконваць план. А наш цэх жа робіць зварку трансфарматарных бакаў, ад якой потым скача ўвесь завод.
Няма трансфарматарнага бака — спыняецца работа ўсяго прадпрыемства. Складскія запасы бакаў былі выбраны яшчэ ў ліпені. З гэтага моманту работа ўсяго завода залежыць ад таго, колькі прадукцыі вырабяць два заводскія цэхі — 16-ы і 6-ы. З 16-га звольнілі васямнаццаць чалавек, з 6-га — аднаго.
— Ладна б па-чалавечы звольнілі: чалавек прыйшоў, здаў інструмент. А аб нас выцерлі ногі, паказалі, хто ў доме гаспадар, — кажа Артур.
Знайсці зваршчыка — не вялікая праблема, кожны год па размеркаванні на завод прыходзіць каля двух дзясяткаў чалавек. Вось толькі яны не спраўляюцца з аб'ёмам працы, ды і застаецца працаваць з тых, хто прыйшоў, у лепшым выпадку адзін чалавек, кажуць рабочыя.
— Праца складаная, у адным зваршчыку — слесар, стропальшчык, выпрабавальнік. У прадукцыі вельмі шмат зварных злучэнняў, розных швоў. Дзе навучыш такой працы? Прыходзяць вучні, мы выконваем за дзень двайную-трайную норму, а яны добра, калі адзін раз на год норму зробяць. Ды і не хочуць людзі працаваць — тыя, хто прыходзіць па размеркаванні, два гады свае адпрацоўваюць, у тэлефонах седзячы, а потым хто куды. За тры гады — тры-чатыры чалавекі затрымалася, — расказвае Артур.
— А вы чаму так доўга пратрымаліся?
— Прывыклі. Для нас гэта стала ўжо вельмі лёгка, калектыў знаёмы, завод — блізка да дома, на ровары ездзіў, вось і працавалі.
"Фонды? Мы робім гэта не за грошы"
Святлана Ціханоўская, звяртаючыся да рабочых, абяцала ім дапамогу ад фондаў, створаных для падтрымкі звольненых па палітычных матывах беларусаў. Суразмоўнікі Еўрарадыё і не думаюць звяртацца па такога кшталту дапамогу.
— Якія фонды? Навошта? Хтосьці мне скінуў прапанову дапамагчы прадуктамі. Ідзі ў дзіцячы дом занясі гэтыя прадукты. Мы не пенсіянеры, знойдзем сабе працу, рукі-ногі ёсць. Разлік у дзень звальнення нам зрабілі, пасядзім, адпачнём, потым будзем думаць. Навошта гэтыя фонды? Калі ты нешта робіш, гэта добраахвотна, а не за грошы.
Звальненне рабочых "афіцыйны" заводскі прафсаюз пакінуў без увагі. А вось жаданне аднаго з рабочых, якія засталіся працаваць на заводзе, выйсці з яго шэрагаў заўважыў хутка.
— Чалавек пайшоў выходзіць з заводскога прафсаюза. Прыехаў галоўны, пачаў распытваць — чаму ты выходзіш? Ён кажа — а вы што-небудзь зрабілі для людзей, якія звальняюцца? Яму адказваюць — я наогул у першы раз пра гэта чую, — расказвае Артур. Сам ён паведаміў афіцыйнаму прафсаюзу пра тое, што пакідае яго шэрагі, яшчэ чатыры гады таму, затое сёлета ўступіў у незалежны.
Першы раз, расказваюць зваршчыкі, аб іх "выцерлі ногі" ў пачатку жніўня.
— Я памяняў свае планы, каб паспець на выбары. Адпачываў з сям'ёй на возеры, але палаткі скруціў, справы адклаў і прыехаў галасаваць. Крыўдна, што ногі выцерлі.
А другі раз — на мінулым тыдні, калі балгаркай адчынілі шафку.
— Мы можам і перажыць без іх, а яны, мне здаецца, без нас не справяцца.
Атрымаць каментар завода Еўрарадыё не ўдалося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.