Абама адмяніў сустрэчу з Пуціным — з-за справы Сноўдэна
Сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Расіі мусіла адбыцца ў Маскве.
Як паведамляе РІА "Новости", яе адмяніў менавіта Барак Абама "з-за напружанасці, звязанай з сітуацыяй вакол Сноўдэна". Акрамя таго, амерыканскі прэзідэнт не плануе сустракацца з Уладзімірам Пуціным на G20 у Пецярбургу, хаця ўдзел у саміце прыме.
Нагадаем, экс-супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн апублікаваў дэталі сакрэтных праграм спецслужбаў ЗША па сачэнні за амерыканскімі і замежнымі грамадзянамі. Ён збег у Ганконг, а затым у Маскву, дзе знаходзіўся аж да апошняга часу ў транзітнай зоне аэрапорта "Шарамецьева". Улады ЗША заявілі, што маюць намер патрабаваць выдачы Сноўдэна, які абвінавачваецца ў разгалошванні сакрэтных дадзеных амерыканскіх спецслужбаў, у любой краіны, дзе ён апынецца. Расійскі бок заяўляў, што Сноўдэн не перасякаў расійскую мяжу, прыбыў як транзітны пасажыр і што паміж Расіяй і ЗША няма дамовы аб выдачы.
1 жніўня стала вядома, што Эдвард Сноўдэн атрымаў часовы прытулак у Расіі. Месяц таму прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што амерыканец можа застацца ў Расіі, калі перастане "наносіць страты амерыканскім партнёрам".
Фота — ria.ru