Аб'ём кантрабандных цыгарэт, затрыманых у Літве, скараціўся ўдвая
Кантрабандныя цыгарэты, якія прызямліліся ў Шальчынінкайскім раёне Літвы
За дзевяць месяцаў гэтага года літоўскія памежнікі затрымалі больш за 959 тысяч пачак кантрабандных цыгарэт. Летась за той жа перыяд гэтая колькасць склала больш за 2,3 мільёна пачак. Гэта значыць, аб'ём выяўленай кантрабанды скараціўся больш чым удвая. У літоўскай памежнай службе гэта звязваюць з узмацненнем мяжы з Беларуссю — усталяваннем фізічнага бар'ера і сістэм маніторынгу, а таксама закрыццём шэрагу пунктаў пропуску.
У цяперашні час кантрабандысты ўсё часцей спрабуюць даставіць нелегальныя цыгарэты з Беларусі ў Літву паветрам. Аднак памежнікі ў супрацоўніцтве з іншымі кампетэнтнымі органамі навучыліся выяўляць і спыняць гэтыя каналы. Адзін з захадаў, кажуць у Памежнай службе Літвы — гэта "выключэнне магчымасці асобам, якія займаюцца незаконнай дзейнасцю, атрымліваць грузы на паветраных шарах з Беларусі".
Памежнікі расказалі яшчэ пра адзін спосаб перапраўляць кантрабандныя цыгарэты — памежнымі рэкамі. Кантрабандныя грузы па-ранейшаму спрабуюць сплаўляць плынню ў надзеі, што яна прынясе груз на літоўскі бок.
Напярэдадні ў Шальчынінкайскім раёне памежнікі перахапілі чарговы метэазонд з грузам з Беларусі. Налічылі 1250 пачак цыгарэт. Надоечы адзін з метэазондаў з грузам прызямліўся на вайсковым палігоне ў Алітусе, а раней другі — у Віленскім аэрапорце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.