Ад брэсцкіх уладаў патрабуюць апублікаваць план рамонту дарог
З ініцыятывай грамадскага кантролю выступілі мясцовыя актывісты кампаніі "Гавары праўду".
Летась актывісты звярталіся да кіраўніцтва горада з прапановай прыняць доўгатэрміновую праграму капітальнай рэканструкцыі вуліц. Пытанне разглядалася ўвосень на сесіі мясцовага Савета дэпутатаў. Прапановы актывістаў былі прынятыя, а распрацоўка праграмы прызначаная да канца 2013 года.
Як паведаміў Еўрарадыё актывіст кампаніі Ігар Маслоўскі, са СМІ стала вядома, што ў мінулым месяцы план рэканструкцыі і рамонту дарог быў прадстаўлены старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціну Сумару.
Маслоўскі: "На нашу думку, гэты план, безумоўна, павінен быць прадстаўлены вышэйшай уладзе, але найперш з ім мусяць азнаёміцца жыхары нашага горада".
Адпаведны запыт Ігар Маслоўскі накіраваў у Брэсцкі гарсавет і Брэсцкі гарвыканкам. Апроч плану рэканструкцыі актывісты намагаюцца, каб у вольным доступе з'явілася справаздача размеркавання сродкаў ад спецпадатку на рамонт дарожнага пакрыцця.
Фота — avtodorognik.blogspot.com