Адпачыць у Каліфорніі можна танней, чым у Чарнагорыі

У буйных турыстычных кампаніях адзначаюць – нягледзячы на крызіс, кліентаў менш не зрабілася Беларусы ігнаруюць некалі папулярны Крым усё больш і больш. Амаль за такія ж грошы можна напоўніцу адпачыць на больш прасунутых курортах.

“Самыя танныя варыянты — гэта Турцыя і Егіпет”, — раяць у турыстычнай кампаніі Smok Travel.

І беларусы атакуюць турэцкія курорты. У буйных турыстычных кампаніях адзначаюць: нягледзячы на крызіс, кліентаў менш не зрабілася. Ды і кошты пуцёвак трымаюцца на ўзроўні мінулагодніх.

Турыстка Аксана Лебедзь днямі вярнулася з турэцкай Аланіі. Там яна адпачыла разам з мужам па гарачай пуцёўцы 12 дзён. 

Аксана Лебедзь: “Тысячу дзвесце долараў на дваіх. З дарогай, з усім разам. Адпачынак цудоўны, усе ўмовы. Шыкоўна. Ежы шмат. Гарачае — адзін асобны стол з падагрэвам, шмат некаларыйных тартоў. Можа, дваццаць найменняў. Алкаголю — колькі хочаш, столькі пі. Гарэлка, віно белае, чырвонае. Нават я піла”.

Але што ні рабі, недахопаў у вандроўках у Турцыю таксама хапае. 

Аксана Лебедзь: “З Масквы ляцець больш выгодна. А калі ляцець з Мінска, то нашмат даражэй — долараў на дзвесце. Недахоп — гэта дарога. Людзі пакутуюць у аэрапортах. Таму што перавозчыкі завозяць людзей у аэрапорт і сустракаюць з аэрапорта. І толькі ўвечары ім больш выгодна ўсіх сустрэць гуртам, калі прыляцяць усе самалёты. Таму мы сядзелі ў чаканні такога аўтобуса 12 гадзін”.

У турыстычных кампаніях нас папярэдзілі, што з ліпеня па першую палову верасня ўключна сярэднія кошты на адпачынак у турэцкім чатырохзоркавым гатэлі — 1770 долараў на дваіх. У пяцізоркавым — 2300 долараў. Але ёсць і свае хітрыкі. Напачатку варта забраніраваць авіябілеты — і за дзесяць дзён да паездкі абавязкова з’явіцца гарачы тур. А гэта эканомія ў 200-300 долараў на аднаго турыста. Магчымыя шанцы таннага адпачынку, як гэта ўдалося Аксане Лебедзь.

А вось адпачыць у добрым чатырохзоркавым гатэлі ў Румыніі ці Чарнагорыі беларускія турыстычныя менеджары не раяць. Кошт — каля 3000 долараў ЗША на дваіх. Пытаемся ў турфірмах, чым жа Чарнагорыя саступае Турцыі. 

“Таму што Чарнагорыя і Румынія яшчэ сервісу не выпрацавалі на гэтыя грошы. Яны нядаўна яшчэ Крымам былі — а цэннік ужо ўсталёўваюць італьянскі, — расказвае турыстычны менеджэр кампаніі Smok Travel Людміла. — За такія грошы я вас у Турцыі ў такую “пяцёрку” пасаджу, што ў Чарнагорыі такое ніколі і не снілася”.

А калі ўсялякія Турцыі надакучылі і захацелася свайго, беларускага? Трапіць у айчынны санаторый амаль немагчыма. Пуцёўкі коштам каля 300 долараў ЗША за 10 дзён — раскупленыя.

“Можна ў “Жалязнякі”, някепскі санаторый “Баравое”, “Азёрны”, “Юнацтва”, — кажуць на прадпрыемстве “Віцебсктурыст”. —  Мы прадаем каля пяцідзесяці санаторыяў. Але пакуль усё забраніравана”.

Такім чынам, да канца жніўня-пачатку верасня пакупацца ў беларускіх азёрах і пазбіраць у нашых санаторскіх лясах ягады будзе праблематычна. І тут прыходзіць час для іншай экзотыкі.

Аказваецца, адпачыць дзесяць дзён у штаце Каліфорнія выйдзе танней, чым столькі ж дзён у Чарнагорыі. Авіябілет з Масквы да Лос-Анджэлеса ў два бакі можна ўзяць за 700 долараў. Мегаполіс стаіць ля акіяну. Жыхарка Лос-Анджэлеса Мэры Чумакова расказала Еўрарадыё пра кошты ў тамтэйшых гатэлях.

Мэры Чумакова: “Семдзесят за ноч (долараў, — Еўрарадыё). Па-мойму, толькі сняданак уключаны. У такім гатэлі будзе басейн — а так нічога асаблівага там не будзе. Калі хочаш нешта пакруцей, то гэта будзе каштаваць долараў 400 за ноч. Гэта “Хілтан”, напрыклад”.

Еўрарадыё: “У 2000 долараў укладуся?”

Мэры Чумакова: “Калі толькі па мінімуме”.

Еўрарадыё: “За 2500, відаць, адпачну напоўніцу...”

Мэры Чумакова: “Нармальна”.

Да таго ж у Лос-Анджэлесе, кажуць, можна лёгка сустрэцца з якой-небудзь Мадонай. Прама ў хлебнай краме ў чарзе да касы.  

“Галівуд жа там побач, дык там ва ўсіх вілы, — працягвае Мэры Чумакова. — Я табе зараз скажу, каго можна лёгка спаткаць. Сільвестра Сталоне, Брытні Спірз, Леанарда Дыкапрыё, баксёра Майка Тайсана”.



Таму не аддавайцеся стэрэатыпам і шукайце новыя спосабы яркага летняга адпачынку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі