Адвакат: Надзея Саўчанка жывая
Паведамленні аб смерці украінскай лётчыцы з’явіліся познім вечарам пятніцы 27 лютага.
Інфармацыя аб смерці Надзеі Саўчанка з’явілася неўзабаве пасля навінаў аб забойстве расійскага апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. Надзея галадае ў СІЗА больш за 70 дзён. Неўзабаве пасля гэтых паведамленняў адвакат Саўчанка Марк Фейгін у сваіім твітары абвергнуў нфармацыю аб смерці украінскай лётчыцы.
Надзея Саўчанка нарадзілася 11 траўня 1981 года ў Кіеве. Пасля школы атрымала спецыяльнасць мадэльера-дызайнера, год правучылася на журфаку, пасля чаго пайшла служыць па кантракце ва Узброеныя сілы Украіны. У 2004-2005 гадах у складзе роты ўкраінскага 72-га асобнага механізаванага батальёна ўдзельнічала ў міратворчай місіі ў Іраку. У 2009 годзе скончыла Харкаўскі ўніверсітэт паветраных сілаў, стала штурманам-аператарам верталёта Мі-24, служыла ў 3-м асобным палку армейскай авіяцыі ў Бродах. Надзея казала, што з дзяцінства марыла стаць лётчыцай.
У чэрвені 2014-га Надзея Саўчанка, як добраахвотніца, удзельнічала ў баях супраць баевікоў у складзе батальёна "Айдар" (пры гэтым заставалася дзейным афіцэрам Узброеных сілаў Украіны, мае званне старэйшага лейтэнанта). 17 чэрвеня яна выносіла з поля боя параненых каля пасёлка Металіст пад Луганскам, калі яе захапілі баевікі з батальёна "Зара". Апошнія планавалі абмяняць лётчыцу на палонных, але раптоўна перадумалі. Неўзабаве баевікі перавезлі яе ў Расію і перадалі расійскім спецслужбам (пра знаходжанне Саўчанкі ў Расіі, у следчым ізалятары Варонежа, стала вядома 8 ліпеня).
Расійскі бок сцвярджае, што Саўчанка, нібыта, сама перайшла мяжу і была затрымана па абвінавачанні ў гібелі 17 чэрвеня 2014-га каля Луганска пад абстрэлам расійскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына (нібыта, украінка карэктавала мінамётны абстрэл). Саўчанка гэта абвергла. Улады Украіны заявілі, што ўкраінскую грамадзянку незаконна вывезлі ў Расію. Абарона Надзеі Саўчанкі сцвярджала, што яе падабаронная трапіла ў палон баевікоў яшчэ да таго, як загінулі журналісты.
У кастрычніку 2014 года на парламенцкіх выбарах Саўчанка была абрана ў Вярхоўную Раду Украіны па спісу "Бацькаўшчыны". Украінскі парламент абраў яе прадстаўніцай у Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы.
Галадоўку пратэсту Надзея Саўчанка аб'явіла ў Лефортаўскай турме ў Маскве 15 снежня 2014-га. Увесь час з расіянамі яна размаўляла на ўкраінскай мове праз перакладчыка, апранала футболку з украінскім гербам.
У канцы студзеня 2015 года супраць Саўчанкі распачалі новую крымінальную справу — "за незаконнае перасячэнне мяжы". Калі 25 лютага Маскоўскі гарадскі суд прызнаў законнасць рашэння Басманнага суда Масквы аб працягненні арышту да 13 траўня, украінка сказала: "Пачынайце, таму што да наступнага паседжання суда я магу не дажыць".
Украінскія ўлады безпаспяхова спрабавалі дамагчыся вызвалення Надзеі Саўчанкі. З заклікам вызваліць украінку да ўладаў Расіі звярталіся ПАСЕ, Дзярждэпартамент ЗША, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Расійская "Новая газета" збірала подпісы пад зваротам да Пуціна з патрабаваннем вызваліць Саўчанку.