Афіцыйна нічога такога не было — амбасадар Украіны пра перамовы ў Львове

Ігар Кізім / Еўрарадыё
Ігар Кізім / Еўрарадыё

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім заявіў, што яму нічога невядома пра перамовы пасля пачатку вайны ў Львове. Пра гэта дыпламат расказаў "Радыё Унэт".

"Афіцыйна нічога такога не было. Можа, калі была сустрэча ў Белавежскай пушчы, хтосьці паехаў у Львоў з беларускага боку. Але я пра гэта не ведаю", — сказаў Кізім. З яго слоў, ён сам прысутнічаў на перамовах паміж украінскімі і расійскімі дэлегацыямі ў Белавежскай пушчы, але "там беларусаў не было".

Пра перамовы беларускай дэлегацыі ў Львове на гэтым тыдні раптам расказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю супрацоўніцы расійскага тэлебачання Вользе Скабеевай. Са слоў Лукашэнкі, "пагаварыць" прапанаваў Уладзімір Зяленскі.

"Дасылае гэтага Кірыла Буданава на перамовы дзесьці. Мы паехалі праз мяжу іх, міністр замежных спраў, у тым ліку і цяперашні, паехалі туды, не першы раз, селі ў Львове там, вядзем перамовы. Быццам бы нармальна. Даведаліся амерыканцы. Пайшлі нейкія трэнні. Яны нам прапануюць: "Давайце ў наступны раз у Стамбуле". Ды пайшлі вы нахрэн. Які Стамбул? Чаго мы ў Стамбул паедзем, мы мяжуем з вамі. Хочаце размаўляць — давайце размаўляць", — казаў тады Лукашэнка. Калі менавіта праходзілі гэтыя перамовы, ён не ўдакладніў. Паводле Кізіма, Лукашэнка шукаў кантактаў з Уладзімірам Зяленскім, "тэлефанаваў, спрабаваў", але ён не чуў, каб пасля перамоў у Белавежскай пушчы такія кантакты былі.

"Я, прынамсі, не браў удзелу ў іх арганізацыі. Заўсёды ў такіх выпадках амбасада далучаецца, амбасадар далучаецца", — адзначыў Кізім. Дыпламат таксама пракаментаваў апошнія крокі Мінска ў адносінах з Расіяй. Паводле яго ацэнкі, "ідзе пэўнае зрошчванне дзяржаўных органаў Расіі і Беларусі". Але ён не рызыкнуў прагназаваць, да чаго гэта можа прывесці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі