Афіцыйны Саюз пісьменнікаў выступіў супраць літаратурнай прэміі Цёткі

Прэмія Цёткі

Прэмія Цёткі / facebook.com/ciotka.by

Афіцыёзны Саюз пісьменнікаў Беларусі (СПБ) выступіў з заявай супраць літаратурнай прэміі Цёткі.

Прэмія ў гонар пісьменніцы Алаізы Пашкевіч (псеўданім Цётка) уручаецца з 2016 года. Яе прысуджаюць за найлепшыя беларускія кнігі для дзяцей і падлеткаў. Узнагароды даюцца ў дзвюх намінацыях — за саму кнігу і за мастацкае афармленне.

Заснавальнікамі прэміі былі Беларускі ПЭН, Саюз беларускіх пісьменнікаў і фонд "Вяртанне". Усе яны былі пасля 2020 года юрыдычна ліквідаваныя ў Беларусі. Але ў эміграцыі прэмію аднавілі. Прычым намінуюць на яе не толькі кнігі выдадзеныя за мяжой, але і ў самой Беларусі.

Літчыноўнікам з СПБ гэта не спадабалася. Яны заявілі, быццам кнігі некаторых з чальцоў СПБ трапілі на конкурс без іх ведама. Таксама ў СПБ не спадабалася, што не абвешчаны склад журы прэміі.

"Відавочна, што, ствараючы падобныя правакацыі, апазіцыянеры дамагаюцца толькі аднаго — легалізаваць грашовыя сродкі, якія пералічваюцца заходнімі спонсарамі, бо няма ніякіх сумненняў, што пераможцам прэміі будзе "прызначаны" іх прадстаўнік. Пры гэтым яны выконваюць яшчэ адно заданне заходніх "гаспадароў" — дыскрэдытаваць дзяржаўныя выдавецтвы, іх аўтараў — членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, кнігі якіх намінаваны без узгаднення з імі", — гаворыцца ў заяве.

Кіраўніцтва СПБ заклікае ўсе выдавецтвы (як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя), а таксама рэдакцыі СМІ "не ўспрымаць сур’ёзна фальшывыя дыпломы пераможцаў падобных конкурсаў". Літаратарам жа (у тым ліку тым, хто не ўваходзіць у СПБ), мастакам і супрацоўнікам выдавецтваў прапануюць "заявіць рашучы пратэст у сувязі з падобнымі правакацыямі".

Варта адзначыць, што большасць сёлетніх кніг-прэтэндэнтаў на прэмію Цёткі выйшла ў мінскіх выдавецтвах (разглядаюцца выданні 2022 года). А шорт-ліст на найлепшае аздабленне кнігі цалккам складзены з мінскіх выданняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі