АГП падала заяўку на свой марш паралельна з прадпрымальнікамі

АГП падала заяўку на свой марш паралельна з прадпрымальнікамі

Аб'яднаная грамадзянская партыя падала ў Мінгарвыканкам заяўку на "Сацыяльны марш за годнае жыццё". Правесці яго плануецца 14 сакавіка ў Мінску.

Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, час і месца збору, а таксама маршрут шэсця цалкам супадаюць з часам і месцам правядзення маршу прадпрымальнікаў. Ён таксама запланаваны на 14 сакавіка.

Заяўку на марш прадпрымальнікаў на мінулым тыдні падалі экс-палітвязень Мікалай Статкевіч і лідар РГА "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. Шэсце плануецца правесці з 13-й да 16-й гадзіны ад Акадэміі навук па вуліцах Сурганава і Арлоўскай да парку Дружбы Народаў.

Лябедзька паведаміў, што АГП не плануе праводзіць мітынг на плошчы Бангалор. Правядзенне двух маршаў у адзін час апазіцыйны палітык растлумачыў неабходнасцю кансалідаваць грамадства і аб'яднаць як мага шырэйшыя слаі.

Шумчанка ў каментары агенцтву БелаПАН адзначыў, што Лябедзька не звяртаўся да іх са Статкевічам з прапановай аб'яднаць дзве акцыі. "Перспектыва" падняла хвалю, якая прывяла да абмеркавання норм указа №222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці, і"пасажыры" на акцыі нам не патрэбныя", — заявіў лідар прадпрымальнікаў.

Дзеянні АГП Шумчанка лічыць спробай сарваць марш прадпрымальнікаў. На яго думку, чыноўнікі Мінгарвыканкама фармальна могуць адмовіць заяўнікам аднаго з маршаў, бо ў іх супадае час і месца парвядзення.

Шумчанка падкрэслівае, што марш прадпрымальнікаў рыхтуецца з эканамічнай, а не палітычнай мэтай. Акцыя мусіць звярнуць увагу кіраўніка дзяржавы на неабходнасць як мага хутчэй вырашыць праблемы ІП, якія з-за ўказу №222 і шэрагу іншых законаў не могуць легальна весці свой бізнэс.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі