Актывісты правялі на плошчы Незалежнасці акцыю з нацыянальнымі сцягамі (фота)

Актывісты правялі на плошчы Незалежнасці акцыю з нацыянальнымі сцягамі (фота)

На плошчы Незалежнасці ў Мінску ў 8.30 пачалася акцыя, якую ініцыяваў экс-палітвязень Зміцер Дашкевіч. У гонар Дня Незалежнасці, які на пачатку 90-х святкаваўся 27 ліпеня (у дзень прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце), Дашкевіч заклікаў выйсці на плошчу з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

Удзел у акцыі прынялі 10-12 чалавек, якія разгарнулі нацыянальную сімволіку. Аднак літаральна праз пару хвілінаў да ўдзельнікаў акцыі падыйшлі два капітаны міліцыі, якія сталі складаць адміністратыўныя пратаколы.

Паступова колькасць удзельнікаў вырасла да двух дзясяткаў чалавек. Сцягі лунаюць ад прыпынку на плошчы Незалежнасці да кінатэатра "Цэнтральны". У акцыі прымаюць удзел такія вядомыя актывісты, як Яўген Афнагель, Павел Вінаградаў, Ніна Багінская ды інш.

Акцыя доўжылася каля 50 хвілінаў: прыкладна ў 9.20 актывісты сталі згортваць сцягі. Міліцыянты склалі пратаколы на ўсіх удзельнікаў, але нікога не затрымоўвалі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі