Aldrimer: Расійскі спецназ заўважылі на нарвежскай зямлі
Расійскі спецназ заўважылі ў Нарвегіі, інфармуе нарвежскае выданне Aldrimer. Спецназаўцы нібыта праводзілі разведку найважнейшых аб'ектаў інфраструктуры і на Шпіцбергене, і на мацерыковай частцы Нарвегіі (у апошнім выпадку яны былі ў цывільным адзенні). Выданне спасылаецца на неназваныя крыніцы, у тым ліку і ў сілавых структурах. Дзеянні расіян былі зафіксаваныя амерыканскімі самалётамі-разведчыкамі. Іх звязваюць з вучэннямі, якія праводзіць Паўночны флот Расіі.
Адзін з вайсковых аналітыкаў заявіў нарвежскаму выданню, што "засвяцілася" расійскае спецпадраздзяленне, якое вядома NATO па падзеях 2014 года ў Крыме.
Міністэрства абароны Нарвегіі пакуль ніяк не пракаментавала публікацыю. А вось расійскае пасольства ў Осла назвала яе "фэйкам і грубай правакацыяй". Па версіі расіян, нейкя сілы ў Нарвегіі спадзяюцца апраўдаць неабходнасць выдаткавання дадатковых бюджэтных рэсурсаў на абарону, у тым ліку і на барацьбу з "расійскай пагрозай".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.