Алене Танкачовай дазволілі жыць у Беларусі
Алене Танкачовай дазволілі жыць у Беларусі. Праваабаронца атрымала дазвол на часовае пражыванне ў нашай краіне тэрмінам на адзін год. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend (Танкачова — старшыня праўлення гэтай арганізацыі).
Алена Танкачова — грамадзянка Расіі, якая жыла ў Беларусі каля 30 гадоў, мела працу і жыллё, займалася праваабарончай дзейнасцю. У лістападзе 2014-га МУС прадпісала ёй на працягу месяца пакінуць нашу краіну і не прыязджаць на працягу трох гадоў. Прычына — факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем, якія былі зафіксаваныя відэакамерамі. Праваахоўнікі палічылі, што такія паводзіны “пагражаюць грамадскаму парадку”. Танкачова спрабавала абскардзіць гэтае рашэнне і прайшла ўсе інстанцыі, але безвынікова. У лютым 2015 года яна з'ехала за мяжу, жыла ў Вільні (каб быць бліжэй да Беларусі, дзе засталіся родныя і сябры), працягвала займацца праваабрончай дзейнасцю. У лютым 2018-га тэрмін забароны на ўезд скончыўся (усе яе просьбы скараціць тэрмін не былі задаволены).