Аліна Кабаева стане кандыдатам педагагічных навук
Алімпійская чэмпіёнка па мастацкай гімнастыцы Аліна Кабаева паспяхова абараніла дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата педагагічных навук у Пецярбургу, паведамляе ria.ru
Канчаткова яна атрымае вучоную ступень пасля адпраўкі дакументаў у Маскву.
Тэма дысертацыі Аліны Кабаевай была сфармуляваная як “Змест спартыўна-аздараўленчага этапу падрыхтоўкі дзяцей дашкольнага ўзросту ў мастацкай гімнастыцы”. Аўтарка працы разгледзела методыку ацэнкі матывацыі дзяцей дашкольнага ўзросту да заняткаў гімнастыкай, а таксама спецыфіку педагагічных назіранняў на занятках па мастацкай гімнастыцы ў спартыўна-аздараўленчых групах.
Аліна Кабаева стала алімпійскай чэмпіёнкай па мастацкай гімнастыцы ў 2004 годзе на Гульнях у Афінах. Раней, у 2000 годзе яна заваёўвала алімпійскую бронзу ў Сіднэі. У 2001 годзе выявілася, што Кабаева ўжывае допінг, за што яе дыскваліфікавалі на два гады.
Спартовую кар’еру яна завяршыла ў 2007 годзе. У 2009 годзе завочна скончыла Пецярбургскі дзяржаўны інстытут фізкультуры. Займалася грамадскай і палітычнай дзейнасцю, была дэпутаткай Дзярждумы ад праўладнай “Адзінай Расіі”.
У прэсе неаднаразова праходзіла інфармацыя, што Кабаева стала жонкай прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, аднак сама яна ніяк не каментуе сваё асабістае жыццё.