Аляксандр Бухвостаў стаў старшынём Беларускай партыі працоўных

Аляксандр Бухвостаў абраны старшынём Беларускай партыі працоўных. Такое рашэнне было прынята 26 ліпеня на ўстаноўчым з'ездзе партыі.  Намеснікамі старшыні партыі абраныя Мікалай Пахабаў і Андрэй Еўдакімчык. На з'ездзе таксама былі прынятыя праграма і статут БПТ, паведамляе БелаПАН.

У сваім выступе пасля абрання на пост кіраўніка партыі спадар Бухвостаў выказаў надзею на паспяховае завяршэнне працэсу стварэння арганизацыі, які пачаўся яшчэ ў 2004 годзе. Цяпер сябрамі Беларускай партыі працоўных з'яўляюцца 1025 чалавек.

У прынятай на з'ездзе заяве дэлегаты адзначылі, што негатыўны ўплыў сусветнага эканамічнага крызісу пагоршыў няўмелыя і няграматныя дзеянні ўладаў. Цяжар крызісу, гавроыцца ў дакуменце, адчуваюць у першую чаргу тыя, хто не мае ў запасе нічога, акрамя спецыяльнасці і працоўных рук. Цяперашні рэжым спрабуе латаць праломы ў эканоміцы найпер за кошт працоўных. Іх пераводзяць на скарочаны тыдзень, ім змяншаюць зарплату, прэміяльныя. Аднак не чуваць, каб улада змяншала грашовыя выплаты міністрам і іншым высокапастаўленым службоўцам, дырэктарам.

Базавым элементам задушэння правоў працоўных заснавальнікі партыі лічаць сістэму наймання па кароткатэрміновых кантрактах. "У Беларусі больш 80% работнікаў змушаныя працаваць па кароткатэрміновых працоўных дамовах. Гэта з'яўляецца нацыянальнай ганьбай, таму што падобнага няма ні ў адной краіне свету", — гаворыцца ў заяве.

Беларуская партыя працоўных ствараецца на аснове ліквідаванай у 2004 годзе Беларускай партыі працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі