Аляксандр Ціхановіч: “Мы падладжваемся пад Руслана Аляхно”

Трое фіналістаў Еўрафэсту чакаюць пакуль вызваліцца вядомы спявак, каб правесці майстар-клас. Адным з экспертаў на майстар-класе будзе… прадзюсар Руслана Аляхно Кім Брэйтбург. 21 студзеня стане вядома, хто трапіць на Еўрабачанне. Еўрарадыё датэлефанавалася да “начальніка” беларускага Еўрабачання Аляксандра Ціхановіча і даведалася, што ўсе музыкі да фіналу конкурсу “Еўрафэст” рыхтуюцца самастойна. Але нарэшце будзе майстар-клас:

Аляксандр Ціхановіч: “Фіналісты рыхтуюць песні для фіналу. Яны ўжо спрабуюць зрабіць нейкае шоў, крыху змяняюць аранжыроўкі. Хутка павінен адбыцца майстар-клас, а пакуль удзельнікі рыхтуюцца самастойна”.

Дакладная дата правядзення майстар-класа пакуль не вядомая. Цікава, што, па словах Аляксандра Ціхановіча, усе будуць падстройвацца пад аднаго з фіналістаў праекта, Руслана Аляхно:

Аляксандр Ціхановіч: “Мы падладжваемся пад Руслана Аляхно, бо ён заняты ў праектах Расійскага тэлебачання. Плануецца ўсё правесці ў перыяд з 12 па 17 студзеня. На майстар-класе будуць праглядаць тое, што зрабілі фіналісты. Музыкаў будуць праслухоўваць выкладчыкі па вакале, таксама будуць музычныя прадзюсары і харэографы. Спецыялісты зробяць свае канчатковыя заўвагі, унясуць папраўкі, можа, нейкія істотныя змены будуць".

Дарэчы, весці майстар-клас будзе таксама “чалавек Аляхно” – Кім Брэйтбург, сённяшні прадзюсар Руслана.

Аляксандр Ціхановіч: “Таксама, магчыма, прыедзе харэограф-пастаноўшчык Барыса Маісеева і іншыя харэографы і рэжысёры. Ад Беларусі будзе Аляксандр Яфрэмаў, наш вядомы кінарэжысёр, выкладчык Акадэміі мастацтваў і галоўны рэжысёр Студыі кінаактора. Да таго ж музыкі пройдуць кансультацыю ў лекара-фаніятра Жанны Раманавай”.

Вакалістка гурта “По глазам” Стася распавядае, што ў песні будуць змены:

“Я папрацавала над вакальнай лініяй, каб песня была больш мілагучнай. Адкрыла нейкія вакальныя магчымасці. Песня стала больш багатай.”

Зменіцца і сам выступ:

Стася: “Мы не поп-артысты, каб ставіць нейкія суперпраграмы. У нас ёсць пару ідэй, якія б мы хацелі рэалізаваць. Бо ўвесь час глядзець на адзін і той жа выступ сумна. І зараз даем гарантыю, што паўтарацца не будзем”.

Другі фіналіст “Еўрафэсту” гурт “Litesound” перарабляць сваю песню не збіраецца. Дый ніякага шоў у фінале музыкі ствараць не збіраюцца. Па словах прадзюсара Андрэя Старавойтава, радыкальна змяняць нічога не будуць:

“Я лічу, што песня атрымалася даволі фарматнай, радыкальна змяняць нічога не будзем. Ніхто не будзе лётаць на вяроўках і змяняць па пяць касцюмаў за выступ. Таму што перш за ўсё “Litesound” гэта гурт, а не асобны выканаўца. Дый калі быць шчырым, пастаноўкай нумару павінны займацца прафесіяналы. Калі ўжо адбудзецца так, што мы паедзем на конкурс, будзе нейкае шоў. А пакуль я сэнсу ў гэтым не бачу”.

Нагадаем, што акрамя гуртоў “По глазам”, “Litesound” і Руслана Аляхно за права ўдзелу ў Еўрабачанні таксама будзе змагацца спявачка Гюнеш Абасава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі