Амерыканскі абаронца мінскага "Дынама" атрымаў беларускае грамадзянства
Адпаведны ўказ сёння падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
24-гадовы Нік Бэйлен стаў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Пра гэта стала вядома 1 снежня, калі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 557, інфармуе прэс-служба мінскага "Дынама".
Нагадаем, Бэйлен з'явіўся ў беларускім хакейным клубе сёлета, дагэтуль гуляў у Фінляндыі. У жніўні ў інтэрв'ю "Прессболу" хакеіст паведаміў, што варыянт з прыняццём беларускага грамадзянства яму прапанаваў генеральны менеджар "Дынама" Уладзімір Беражкоў. Бэйлен падумаў і пагадзіўся.
"Усё здарылася вельмі хутка, — гаворыць Нік Бэйлен. — Але ў жыцці такое бывае. У мяне з'явілася магчымасць, якой вырашыў скарыстацца".
Раней беларускае грамадзянства атрымалі амерыканец Кевін Лаланд і канадзец Джэф Плат. На хатнім чэмпіянаце свету яны выступалі за зборную Беларусі. Калі зможа гуляць за беларускую зборную Бэйлен, пакуль невядома.
12 снежня Ніку Бэйліну споўніцца 25 гадоў. Больш падрабязна пра яго біяграфію гл. тут.
Фота — hcdinamo.by