Амерыканскія ўражанні Лявона Вольскага
Лявон Вольскі: “На канцэрце ў Нью-Йорку ў клубе “Хук” малая частка была амерыканцаў, у асноўным былі маладыя беларусы, якія там вучацца, працуюць ці проста былі вымушаныя з’ехаць паводле палітычных асаблівасцяў нашай дзяржавы.
Прынялі вельмі цёпла: там адбываецца мала культурных беларускіх акцыяў. Другая акцыя была ў Каліфорніі. Проста сустрэча са слухачамі на пляжы, там было чалавек 30-40, спакойная такая вечарынка. Наконт арганізацыі — не магу сказаць, што яна спадабалася ці не спадабалася, але збояў не было”.
Мара Нальшанская: “Ці пашчасціла амэрыканскай публіцы пачуць новыя песні N.R.M.?”
Лявон Вольскі: “Безумоўна, не, бо я быў адзін. Там былі музыкі з Наваполацку, якія вымушаныя зараз знаходзіцца ў Злучаных Штатах: яны падабралі акампанемент да хітоў „Крамбамбулі”, N.R.M. і Zet. Але новы альбом мы будзем прэзентаваць з гуртом, дарэчы ў Варшаве, недзе ў 10 днях наступнага месяца”.
Мара Нальшанская: “А калі ж новы альбом будзе прэзентаваны беларусам?”
Лявон Вольскі: "Вельмі цяжка сказаць, бо ў нас праблемы з арганізацыяй канцэртаў, якія не палягаюць на нас. Безумоўна, будзем неяк прэзентаваць альбом, але дзе і калі – цяжка пакуль сказаць".
Таксама я запыталася ў Лявона, ці будзе мець нейкі працяг яго візіт у ЗША. Кантракты, далейшыя канцэрты...
Лявон Вольскі: “Кантрактаў ніякіх няма, і наўрад ці яны будуць. Але трэба перыядычна наведваць гэтую зямлю, бо там вельмі шмат нашых людзей, якія прагнуць нашай музыкі. Мы проста ездзілі дзеля таго, каб там дамовіцца аб нейкім абмене, каб вывозіць туды гурты. І я лічу, што ў нас гэта атрымалася: там ёсць людзі, якія зараз будуць гэтым займацца.
Мяне больш за ўсё цікавяць N.R.M. і „Крамбамбуля”, але як толькі будуць наладжаныя прынамсі першыя два канцэрты, можна будзе размаўляць пра „Палац”, „Краму”, Neuro Dubel”.
На фота: Лявон Вольскі адразу пасля атрымання адной з малых рок-карон 2006 году.
Фота: Мікалай Карняйчук.