Анатоль Капскі: Нас усе ненавідзяць, навокал — усеагульны маразм
БАТЭ ў пятніцу датэрмінова стаў чэмпіёнам Беларусі, ужо ў 12-ы раз. У гасцях барысаўчане абыгралі "Віцебск" і сталі недасягальныя для мінскага "Дынама", за тры туры да фінішу.
Старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі ў жывым эфіры тэлеканала "Беларусь 5" пракаментаваў чарговае чэмпіёнства каманды. Каментар атрымаўся даволі эмацыйны. Паводле слоў Капскага, БАТЭ перамог насуперак многаму. Нягледзячы на тое, што яго акружаў "усеагульны маразм", выдумваліся "новыя формулы" правядзення футбольнага чэмпіянату "па прынцыпе КХЛ, НХЛ, Кубка Стэнлі".
"Тым не менш, мы чэмпіёны!... Тое, як нас ненавідзяць, нас толькі заводзіць. Усе супраць нас! Усе кажуць, няхай чэмпіёнам становіцца хто заўгодна, абы толькі не БАТЭ", — сказаў Капскі.
Паводле слоў старшыні праўлення ФК БАТЭ, яму крыўдна, што чэмпіёнства не ўдалося заваяваць у мінулым туры на сваім стадыёне, каб адсвяткаваць са сваімі заўзятарамі.
Фота: nn.by, БЕЛТА