Анатоль Варывончык: “Праблема нашых хакеістаў — у беларускім менталітэце”
Трэнер, з якім нацыянальная зборная дасягнула першых поспехаў у гісторыі, прааналізаваў, у які момант нашы зламаліся на чэмпіянаце свету.
“Калі падзяліць гульню зборнай, то было дзве часткі. Першая — гэта матчы з Чэхіяй, Славеніяй і Швецыяй. Там адчувалася зараджанасць, прысутнічала самааддача. Цешыўся пасля апошняй гульні са Швецыяй. А потым была гульня з Канадай. Прайгралі мы ім ушчэнт, — узгадвае падзеі чэмпіянату свету-2013 Анатоль Варывончык, які ў канцы 1990-х вывеў Беларусь у эліту сусветнага хакея. — І, можа быць, менавіта пасля гульні з канадцамі здарыўся нейкі псіхалагічны, эмацыйны спад. Таму што наступная гульня з Нарвегіяй таксама не глядзелася. Тое самае з датчанамі. Апошняя гульня, са Швейцарыяй, была лепшая. Хоць, можа быць, швейцарцы выйшлі не цалкам настроенымі, а калі лік стаў роўны, дадалі і зрабілі вынік”.
Еўрарадыё: Дык ці магла трохдзённая паўза пасля гульні са шведамі стаць прычынай бляклай гульні беларусаў? Можа быць, здарылася нейкая яма?
Анатоль Варывончык: Не думаю, што нейкая магла быць яма ці ператрэніраванасць. Проста, мне здаецца, канадцы выйшлі на матч як прафесіяналы, у дастатковай ступені паставіліся да матча і як належыць згулялі з намі ўсе тры перыяды. У гэтым матчы абвінавачваць нашу каманду не варта. У зборнай Канадзе — майстры нашмат больш высокага ўзроўню, ва ўсіх кампанентах. Можа быць, гэта гульня ў плане псіхалогіі беларусаў і надламала. Даводзілася шмат гуляць без шайбы, руйнаваць. Можа быць, параўналі сябе з канадцамі — і нешта з гульцамі адбылося.
Еўрарадыё: Вядома, што многія беларускія хакеісты зарабляюць не горш за швейцарцаў, датчан, нарвежцаў, немцаў. Але мы аказаліся ззаду гэтых названых каманд. Будуюцца шыкоўныя лядовыя палацы. У чым справа?
Анатоль Варывончык: Можа быць, справа ў нашым беларускім менталітэце, псіхалогіі. Некаторыя думаюць: мяне ўсё задавальняе, імкнуцца няма куды. Я толькі ў гэтым бачу праблему. Хоць я кажу: ты сёння гуляеш тут, але чаму б не ісці вышэй? Мая асабістая думка: можа быць, некаторых гульцоў задавальняе тая пазіцыя, якую яны маюць у дадзены момант. Гэта і выліваецца ў праблемы.
Еўрарадыё: Людзі, неабыякавыя да беларускага хакея, абмяркоўваюць, якім курсам ён павінен ісці, што варта змяніць і ўдасканаліць.
Анатоль Варывончык: Я думаю, трэба ў плане псіхалогіі перастройваць нашых гульцоў. Яны паказалі нават на гэтым чэмпіянаце, што могуць. Але гэта псіхалагічная неўраўнаважанасць, калі гуляеш без шайбы, пройгрышы! Я бачу праблему ў плане псіхалогіі.
Еўрарадыё: А хто павінен уплываць на гэту псіхалагічную падрыхтоўку? Гэта толькі трэнеры ці павінны падключацца псіхолагі, урачы?
Анатоль Варывончык: Вось мая думка. Можа быць, яе назавуць няправільнай ці старой: трэнер — ён усё: і псіхолаг, і настаўнік. І атмасфера, і баявы дух — усё ідзе ад трэнера.
Еўрарадыё: Можа быць, дарма зрабілі стаўку на беларускіх трэнераў? Пры Глене Хэнлане гульня ў нас была больш агрэсіўная і зубастая. А сёння атрымліваецца так, што за адзін перыяд могуць тры разы кінуць па варотах…
Анатоль Варывончык: Я думаю, трэба даверыцца сваім спецыялістам. З Хэнланам год-два агрэсія прысутнічала, але потым гэта знікла. Я не думаю, што нашы спецыялісты горшыя.
Еўрарадыё: Гульцы з мінскага “Дынама” праявілі сябе не найлепшым чынам. А вось дэлегатаў ад чэмпіёнаў Беларусі — “Нёмана” — было ўсяго два (Анатоль Варывончык сёння з’яўляецца начальнікам гэтага клуба). Чаму?
Анатоль Варывончык: У зборнай былі Артур Гаўрус і Арцём Кіслы. Запрашаліся і іншыя. Але Ваня Усенка і Паша Баярчук траўмаваліся. Павінен быў ехаць Слава Лісічкін, але яму зрабілі МРТ — трэба было лячыць спіну. Андрэю Антонаву зрабілі аперацыю на пахвінных кольцах. Відавочна, што гэтыя гульцы маглі б дадаць зборнай баяздольнасці. Але плэй-оф чэмпіянату Беларусі быў складаны, многія траўмаваліся.
Еўрарадыё: Некаторыя зоркі беларускага хакея таксама спасылаюцца на траўмы і не едуць у каманду. Але помніцца, што ў час, калі вы былі трэнерам, удавалася збіраць самых лепшых хакеістаў і выціскаць з гульняў максімум. Можа быць, новае пакаленне гульцоў проста па-іншаму выхавана?
Анатоль Варывончык: І ў мяне хапала праблем, часта сутыкаліся з траўмамі. Мне здаецца, каб сённяшнія зборнікі маглі, яны б прыехалі і ўзмацнілі каманду. Я думаю, што ім сапраўды перашкодзілі траўмы.
Фота — iihf.com