“Чэмпіянат Беларусі слабы, а хакеіст ― не грыб, які вырастае за год”

Хакейны эксперт Анатоль Варывончык, які ў 90-х вывеў беларускую зборную ў элітны дывізіён, падкрэслівае дзве праблемы нашай каманды на чэмпіянаце свету-2013. На яго думку, беларусы зламаліся падчас матча з канадцамі. Па-другое, многія гульцы не надта імкнуцца развівацца ― і так добра сябе адчуваюць у сваіх клубах. Канкурэнцыі шалёнай няма, зарплаты плацяць.

Гэту пазіцыю падтрымлівае хакейны эксперт і тэлевізійны каментатар Аляксандр Цвячкоўскі:

“Нашы маладыя хакеісты на першых ролях спакойна гуляюць у сваіх клубах, атрымоўваюць грошы. Навошта ім неяк удасканальвацца? Лічу, што ліміт на ўзроставых гульцоў у беларускім чэмпіянаце трэба адмяніць. Моладзі няма ў каго навучацца”.

Па сённяшніх правілах клуб нашай экстралігі можа ўключыць не больш за сем хакеістаў, старэйшых за 27 год. Меркавалася, што гэта мера дапаможа развіцца маладым хакеістам. 

“Я спадзяваўся, што ў адсутнасці лідараў (братоў Касціцыных, Грабоўскага, Калюжнага, Дзянісава, Мезіна, ― Еўрарадыё) хлопцы з чэмпіяната Беларусі прадэманструюць больш прывабны хакей, ― працягвае Аляксандр Цвячкоўскі. ― Але ў нас слабы чэмпіянат. Паглядзіце на першынство Швейцарыі: 15 тысяч гледачоў на кожным матчы. У нас арэнаў такіх няма. Зайдзіце ў Парк Горкага на гульню “Юнацтва”, можаце пабачыць 200 гледачоў”.  

Былы гулец зборнай Уладзімір Копаць ― яго гол вывеў Беларусь у паўфінал Алімпіяды-2002 ― таксама чакаў ад зборнай большага. Вынікі таварыскіх гульняў часам абнадзейвалі.

“Але калі меркаваць, што наша зборная займае 14-е месца трэці год запар, то выступленне аказалася стабільным, ― аналізуе Уладзімір Копаць. ― Маглі выступіць і лепш. Але ёсць меркаванне, што каманда гуляе так, як ёй дазваляе супернік. А супернікі пераўзыходзілі беларусаў і ў абароне, і ў нападзенні, не давалі ім развярнуцца. Праўда, зніжку трэба зрабіць на тое, што ў зборнай было, як я чуў, 11 дэбютантаў. А адразу ўзяць і паказаць усё, на што здольны, складана”.

Еўрарадыё: У вашы часы з камандамі Францыі, Нарвегіі і Даніі мы  не думалі пра паразы. У 2000-х па Беларусі ўзводзіліся лядовыя палацы. Некаторымі хвалімся, што найлепшыя ў Еўропе.  У хакей ускладаліся грошы. Чаму мы аказаліся ззаду ад тых, каго некалі лёгка перамагалі?

Уладзімір Копаць: Хакей і ва ўсім свеце развіваецца. У Даніі ці Нарвегіі  колькасць тых, што займаюцца хакеем, мяркую, большая, чым у нас. Як кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі, а хакей ― з дзіцяча-юнацкай школы. Адтуль растуць кадры. А ў нас быў перыяд, калі і школы працавалі непрадуктыўна, і трэнерскі склад у іх быў вельмі слабы. Апошнім часам пачынаюцца нейкія зрухі, але не так, як бы хацелася. Хакеіст ― ён не грыб, які вырастае ад лета да лета. Яго трэба гадоў дзесяць рыхтаваць для каманды майстроў а потым яшчэ і там з ім працаваць.

Еўрарадыё: Як з такой гульнёй не вылецець у слабы дывізіён?

Уладзімір Копаць: Сёння адзін вынік, заўтра можна ў плэй-оф патрапіць. Трэба працаваць, не складаючы рук. Сакрэт ― у руплівасці. Зараз 11 навічкоў з’ездзілі на чэмпіянат свету, паглядзелі. Ёсць над чым працаваць хлопцам. Толькі ў гэтым я сёння бачу рэсурс для хакеістаў: працаваць, працаваць і працаваць.

Удзельнік першага афіцыйнага матчу зборнай Беларусі Васіль Панкоў адзначае, што ў бляклай гульні нашых згуляў ролю і форс-мажор. З-за траўмаў на чэмпіянат не прыехалі дасведчаныя лідары. 

“З адным голам матч не выйграеш, гэта зразумела. Ну і слаба згулялі ў абароне, ― лічыць Васіль Панкоў. ―Таму каманда ў нас маладая. Многія хваляваліся. У супернікаў гульцы прыехалі з НХЛ, з элітных ліг Швецыі, Фінляндыі. А наш касцяк каманды ― з беларускага чэмпіянату. Той жа чэмпіянат Даніі на парадак больш моцны за наш чэмпіянат. Маё пакаленне зборнай прыязджала з добрых ліг, разумееце? Вы паглядзіце на мінскае “Дынама”, якое гуляе ў КХЛ. Колькі там беларусаў? Па пальцах можна пералічыць. Дык пра што можна казаць? Не падумайце, што я не патрыёт. Але калі глядзець на рэчы  рэальна, наш чэмпіянат больш слабы і гэту сітуацыю трэба выпраўляць. Спадзяюся, што ўсё будзе нармальна”. 

Фота thestar.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі