Заробкі ў беларускім хакеі: па 2 тысячы долараў плацяць толькі найлепшым
А каб зарабіць абавязковыя 20% ад свайго бюджэту, некаторыя клубы здаюць у арэнду аўтобусы і ставяць прадуктовыя палаткі. (Відэа)
Калі яшчэ ў мінулым годзе нормай лічылася, што добры хакеіст беларускага клуба зарабляе каля 5 тысяч долараў у месяц, то сёння сітуацыя не такая адназначная.
Пасля шэрагу няўдач у беларускім спорце, а таксама нявыхаду нашай хакейнай зборнай на Алімпіяду, выйшаў прэзідэнцкі ўказ, які змяніў фінансаванне ўсёй галіны. Пазней была падрыхтавана пастанова Савета міністраў №383, якая дадаткова адрэгулявала зарплаты ў гульнявых відах спорту.
Цяпер грошы ў беларускім хакеі залежаць ад прызавога месца. І максімальная зарплата за месяц можа быць не большай за 20 мільёнаў рублёў, прынамсі, афіцыйна. І гэтую лічбу могуць выплачваць толькі мінулагоднім чэмпіёнам ― гродзенскаму “Нёману”. Дарэчы, гэты клуб змог захаваць і сваіх лідараў. “За кошт чаго? ― цікавімся ў начальніка каманды Анатоля Варывончыка. ― Грошы параўнальна невялікія”.
“За кошт таго, што мы сталі чэмпіёнамі ў мінулым годзе, што будзем удзельнічаць у Кантынентальным кубку, ― пералічвае хакейны спецыяліст. ― Таксама мы з’яўляемся фарм-клубам мінскага “Дынама”, і ёсць перспектывы туды трапіць. У нас стаяць вялікія задачы, і хлопцам, напэўна, у нас падабаецца”.
Жлобінскі ХК “Металург”, яшчэ нядаўні лідар беларускай экстралігі, здаў свае пазіцыі.
“У мінулым сезоне мы занялі другое месца, і наш максімальны кантракт з хакеістам можа быць прыкладна 18 мільёнаў рублёў, ― тлумачыць сітуацыю дырэктар ХК “Металург” Дзмітрый Цыкуноў. ― Гэта зарплата, якая можа выплачвацца са сродкаў, атрыманых са спонсарскай дапамогі ад дзяржпрадпрыемстваў. Больш можна плаціць толькі ад заробленых сродкаў ― ад прадпрымальніцкай дзейнасці і гэтак далей”.
Але як наладзіць у невялікім Жлобіне такую прадпрымальніцкую дзейнасць, каб пракарміць каманду еўрапейскага ўзроўню? Найлепшыя гульцы гэта, відаць, зразумелі і разбегліся па больш цёплых месцах.
“Гульцы альбо сышлі ў “Дынама-Мінск”, альбо з’ехалі выступаць у Вышэйшую лігу Расіі, ― працягвае Дзмітрый Цыкуноў. ― 18 мільёнаў, калі акругліць, гэта каля 2000 долараў. Столькі і нават больш можна зарабляць, гуляючы ў аматарскіх лігах Расіі. Ведаю выпадкі ў беларускім хакеі, калі гульцам прапаноўвалі, здавалася б, добрыя кантракты. Але яны, нягледзячы на гэта, ехалі ў Расію, бо бачылі там лепшыя перспектывы ў плане росту”.
Зарплаты ў беларускім хакеі, меншыя за 2000 долараў, падобна на тое, сапраўды не фікцыя. Гульцы з салігорскага ХК “Шахцёр” апошнім часам не зараблялі і столькі. Хоць генеральным спонсарам клуба выступае прадпрыемства “Беларуськалій”. Як высветліла Еўрарадыё, месячны кантракт тутэйшага хакеіста складае не больш за 16 мільёнаў рублёў. І тыя грошы спартоўцы даўно не атрымліваюць. Са студзеня гэтага года, за месяцы да зменаў спартовага заканадаўства, хакеісты “Шахцёра” ўжо не атрымлівалі заробкі па кантракце. А пасля ― не мелі і тыя 16 мільёнаў у месяц.
“Не плацілі амаль нічога. Нехта займаў, некаторыя да мяне падыходзілі і скардзіліся, што ім нават пазыкі даваць не хочуць, ― распавядае Андрэй Гусаў, галоўны трэнер ХК “Шахцёр”. ― Сітуацыя была вельмі складаная”.
Толькі 24 кастрычніка было агучана, што на рахунак клуба паступілі грошы. Але ці выплацяць хакеістам ўсе запазычанасці, невядома.
Што тычыцца клубаў, якія звычайна прапісваюцца ў другой палове турнірнай табліцы, ім яшчэ цяжэй. А зарплаты часам ― як у звычайных сталічных рабацяг.
Складанасцяў дадаў і той факт, што спартовае заканадаўства абавязала клубы самастойна зарабіць за гэты год 20% ад свайго бюджэту.
“Мы здаём у арэнду такія-сякія плошчы, сваю спартыўную залу, трэнажорную залу. Здаём лёд прадпрыемствам і арганізаваным групам ― платнікам, зарабляем на платных групах, ― апісвае спосабы, як зарабляць грошы, Міхаіл Дзянісаў, гендырэктар наваполацкага “Хіміка-СКА”. ― У нас ёсць свая аўтамабільная стаянка. Зарабляем з наведванняў усіх хакейных матчаў. Прадастаўляем арэну пад канцэртную дзейнасць, маем грошы з рэкламы. Клубу належаць два аўтобусы, таму аказваем транспартныя паслугі. У летні перыяд у горадзе былі дзве нашы кропкі грамадскага харчавання ― перанасныя палаткі”.
Зарплаты гульцоў у Наваполацку ― у межах 8-10 млн рублёў. Тым не менш каманда сёння на пад’ёме ― займае 4-е месца ў рэгулярным чэмпіянаце.
“На 90% гульцы ў нас свае ― мясцовыя выхаванцы. Кропкава мы бяром кагосьці збоку. Нядаўна ўзялі галкіпера з ХК “Металург”. Сітуацыя ў клубе стабілізавалася ― і мы ставім за мэту заняць пятае месца ў чэмпіянаце Беларусі, ― распавядае пра палітыку клуба Міхаіл Дзянісаў. ― Прадпрымальніцкую дзейнасць мы будзем пашыраць. Колькі самі заробім у 2014 годзе ― столькі нам і дадуць дзяржпадтрымкі ў 2015-м”.
Былы гулец ХК “Гомель” латыш Атварс Трыбунцоў пяць месяцаў таму падлічыў, што агулам зарплаты беларускіх хакеістаў скараціліся на 60%. А з улікам інфляцыі, выходзіць, яшчэ больш.
Фота hockey.by