Андрэй Арамнаў: “Быць дрэнным прыкладам ужо не хачу”

Знакаміты цяжкаатлет Андрэй Арамнаў вярнуўся на міжнародны п’едэстал, лічы, пасля шасцігадовага перапынку. На Чэмпіянаце Еўропы ў Тэль-Авіве беларус здабыў бронзавы медаль.

Нехта ўспрыняў вяртанне Арамнава ў вялікі спорт як сенсацыю, бо ім слаба верылася, што атлет узновіцца пасля скандалаў і траўм. Некаторыя крытыкавалі штангіста, маўляў, да сваіх сусветных рэкордаў ён ужо ніколі не падбярэцца. На ўсялякі выпадак нагадаем, што Андрэй Арамнаў ― алімпійскі чэмпіён 2008 года і рэкардсмен свету.

Звязваемся з Андрэем па яго прылёце ў Беларусь і цікавімся, ці задаволены ён турнірам.

Андрэй Арамнаў: Першапачаткова я рыхтаваўся падымаць зусім іншыя кілаграмы. Але потым атрымаў траўму. Цягам месяца яе лячыў ― моц сышла. Не хапіла сілавой трываласці, і суддзі трошкі не пашкадавалі мяне (не залічылі адну са спробаў, ― заўв. Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Траўмы ў вас здараліся перад кожным міжнародным стартам ад самай Лонданскай Алімпіяды.

Андрэй Арамнаў: Нейкая ў мяне праблема з мышцамі сцёгнаў. Яны ўвесь час па чарзе рвуцца ― то на левай, то на правай назе. На гэты раз траўма была падобная на тую, якую я атрымаў перад Алімпіядай-2012.

Трэба, напэўна, мяняць методыку падрыхтоўкі. Але, у прынцыпе, у мяне вынік добры. Я перад траўмай падымаў 195 кг у рыўку і 230 кг у штуршку. Але як толькі я набіраю добры вынік, здараецца разрыў мышцы. Пратрымаць гэты сур’ёзны вынік, замацаваць яго я не магу з-за гэтых вось траўм. У будучыні ўсё будзе ці вельмі добра, ці як цяпер. Мяркую, што, спалучыўшы гэты непрыемны досвед і досвед мінулых гадоў, атрымаецца нешта нармальнае. Будзем лічыць, што гэта быў апошні праблемны пазл маёй падрыхтоўкі. З усёй гэтай інфармацыяй можна ляпіць нешта далей.

Еўрарадыё: Раней вы заяўлялі пра тое, што жадаеце стаць самым моцным атлетам у гісторыі цяжкай атлетыкі сярод усіх вагавых катэгорый. Ці верыце вы ў тое, што зможаце падабрацца хаця б да свайго сусветнага рэкорду ― 436 кг у суме? На гэтым чэмпіянаце вы паднялі на 40 кг менш.

Андрэй Арамнаў: Я ўвесь час кручуся побач з гэтымі рэкордамі. Мне цяпер трэба вельмі акуратна праводзіць апошнія месяцы перад стартам. Я вяду дзённікі, усё падлічваю. Цяжкая атлетыка ― гэта матэматыка. Усе высновы зробленыя, цяпер іх трэба ажыццявіць на яве.

Вось проста вам інфармацыя для аналізу. На гэтым чэмпіянаце Еўропы я выступіў, не трэніруючыся цягам месяца перад спаборніцтвамі. І трапіў на п’едэстал. Хлопцы, якія са мной рубаюцца, знаходзіліся ў адной з найлепшых сваіх кандыцый. Тым не меншу, у рыўку я ўсё роўна быў найлепшы. А ў штуршку не хапіла сілавой трываласці. Свет у вачах пагас і нешта мяне выраніла з-пад штангі.

За месяц да мінулагодняга чэмпіянату свету я рваў 205 кілаграмаў. Гэта на пяць больш, чым мой сусветны рэкорд. 245 кілаграмаў я штурхаў (у суме, на 14 кг больш, чым арамнаўскі рэкорд свету, ― заўв. Еўрарадыё). Таму пабіць сусветны рэкорд вельмі проста. Галоўнае ― без траўм дайсці да міжнародных спаборніцтваў.

Еўрарадыё: Некаторыя заўзятары лічаць, што з-за змены антыдопінгавых правілаў, з-за больш эфектыўнай працы лабараторый ніхто з беларускіх цяжкаатлетаў не падбярэцца да тых грандыёзных вынікаў.

Андрэй Арамнаў: Так, многае змянілася. Напрыклад, ёсць такі прэпарат “Прэдуктал”, які выкарыстоўваўся як якасныя вітаміны для сэрца. Але з 2014 года яго забаранілі. Аказалася, што ён аказвае анабалічны эфект на сардэчную мышцу. Таму мы перайшлі на іншы прэпарат, які так жа ўздзейнічае, але не аказвае анабалічнага эфекту. У сферы барацьбы з допінгам увесь час нешта адбываецца, але мой вынік, калі сачыць па чэмпіянатах краіны, знізіўся ўсяго кілаграм на 5-7. Тым больш, што я на чэмпіянатах краіны ніколі не выступаў па плешку. Але ўлічыце, што мне 26 гадоў, і я здабыў мужчынскую моц, якой не было на Алімпіядзе ў Пекіне. Праўда, рэалізаваць гэту моц пакуль не атрымалася.

Еўрарадыё: Да якога ўзросту ў вашай вагавой катэгорыі магчыма выступаць на высокім узроўні?

Андрэй Арамнаў: Добры прыклад ― Леанід Тараненка, які перамог на чэмпіянаце Еўропы ва ўзросце 40 гадоў.

Еўрарадыё: Цягам некалькіх гадоў вы жывяце без высокай стыпендыі, якую атрымлівалі пасля Гульняў у Пекіне. Вы самі казалі, што зарабляеце менш за прыбіральшчыцу. Ці зменіцца сітуацыя пасля гэтага бронзавага медаля?

Андрэй Арамнаў: Мяркую, што сітуацыя зменіцца. Але самае галоўнае, што ў цяжкія часы мяне моцна падтрымліваў рэктар БНТУ (Андрэй Арамнаў супрацоўнічае з Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, ― заўв. Еўрарадыё). Калі б яны мне не дапамагалі, наўрад ці я б вярнуўся на міжнародны памост.

Еўрарадыё: Ці вярнулі вам правы на кіраванне аўто?

Андрэй Арамнаў: Не. Тэрмін пазбаўлення правоў заканчваецца ў 2016-м годзе. Пакуль мне ездзіць нельга. Аднак цягам трох апошніх гадоў у мяне не было ніякіх праблем. Закон для ўсіх. Быць дрэнным прыкладам ужо не вельмі хочацца. Да скандальных сітуацый прывяло тое, што ва ўзросце 20 гадоў я атрымаў сур’ёзнае грашовае ўзнагароджванне за свае поспехі. Малады я яшчэ быў. Грошай не было ― і тут яны з’явіліся. Разам з гэтым дадаліся лішнія ўчынкі, рухі, думкі. Выбіраць сяброў і распараджацца грашыма я навучыўся ва ўзросце 20-26 гадоў. Але прыйшоў час, і я многае пераасэнсаваў. Дачцэ маёй трэці год. Я дарослы чалавек. Жыву сваім дзіцём, сваёй сям’ёй. Усё ў мяне добра. Мяркую, што нармалізуецца ўсё і ў спорце. У прынцыпе, я моцны атлет. Нават калі я не выступаў на міжнароднай арэне, я паказваў сур’ёзны вынік дома. Самае галоўнае ― вывесці гэты вынік з беларускіх сценаў на сусветны памост. Калі маю вольны час, разважаю, як мне пабіць свае ж рэкорды.

Еўрарадыё: Калі вы зноў пачняце трэніравацца?

Андрэй Арамнаў: Перапынку не будзе. У сераду 16 красавіка зноў вярнуся да заняткаў. З 20 красавіка пачнецца трэніровачны збор у Наваполацку. Потым вяртаемся і праз тыдзень едзем у “Стайкі”. Там будзем знаходзіцца да самага чэмпіянату свету (спаборніцтвы прыме Казахстан у лістападзе, ― заўв. Еўрарадыё).

Еўрарадыё: Чаму такі маленькі перапынак?

Андрэй Арамнаў: Апошнім часам я чытаю каментарыі і водгукі ад заўзятараў у інтэрнэце. І прыслухоўваюся да іх. Усе людзі не могуць не мець рацыі. Можа быць, збоку ім лепш відаць і я сапраўды мала часу надаю спорту. Таму я вырашыў зусім не адыходзіць ад штангі да Алімпіяды-2016. Мне трэба пацярпець два гады і паспрабаваць зноўку перамагчы на Гульнях. Займацца спортам у мяне добра атрымліваецца. Як паказала практыка, іншае мне не надта ўдаецца. Таму трэба займацца тым, што даў Бог. Я думаю, што ўсё будзе добра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі