Андрэй Арамнаў: “Пра заробак мой напішыце. Я самы бедны атлет у краіне”

Еўрарадыё высветліла, што алімпійскі чэмпіён штангіст Арамнаў зараз жыве на 400 тысяч, а лёгкаатлет Вадзім Дзевятоўскі мае ад Мінспорта ўсяго 250 тысяч Героям беларускага спорта, у якіх забралі прэзідэнцкую стыпендыю, сёння цяжка. Апошняй ахвярай, якая пазбавілася стыпендыі (15 мільёнаў рублёў штомесяц), стаў барысаўскі штангіст Андрэй Арамнаў.

Усё з-за таго, што рэкардсмена свету злавілі нецвярозым за рулём. Затрымалі і другі раз, і ўжо тут Арамнаў адмовіўся праходзіць экспертызу на выяўленне алкаголю ў крыві.

Андрэй Арамнаў: “Я зараз самы лепшы, але самы бедны штангіст у краіне. Мне знялі прэзідэнцкую стыпендыю, якую атрымліваў за Алімпійскія гульні, на якіх перамог”.
ЕРБ: “Што, і Міністэрства спорту вам стаўку не плоціць?”
Андрэй Арамнаў: “400 тысяч. Пра заробак мой, напэўна, напішыце. Каб людзі ведалі, што я самы моцны, але самы безграшовы атлет у краіне”.

Міжгарнізонная вайсковая пракуратура Барысава (фармальна Арамнаў праходзіць тэрміновую службу ва ўнутраных войсках МУС — Еўрарадыё) да гэтага часу рыхтуецца перадаваць матэрыялы па яго справе ў суд.

“Распачатая крымінальная справа па артыкуле 317 прым, — паведамляе начальнік арганізацыйна-кадравай працы Беларускай вайсковай пракуратуры Ігар Шарстнёў. — Па законе справа, хутчэй за ўсё, будзе расследаваная цягам двух месяцаў”.

Як даведалася Еўрарадыё, у мінулым годзе вайсковая пракуратура расследавала 13 падобных спраў. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — 6 месяцаў арышту. Але найчасцей у вайскоўцаў забіралі правы на кіраванне аўтамабілем на пяць гадоў і давалі штраф у 200 базавых адзінак (7 мільёнаў беларускіх рублёў). Гэта палутарагадавы цяперашні заробак Арамнава.

У куды больш складанай сітуацыі апынуліся нашыя кідальнікі молату Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан. Абодвух падазраюць ва ўжыванні тэстастэрону і, як і Арамнава, пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі.

“Мяне са зборнай да канца не адлічылі — маю аклад у 250 тысяч рублёў, — расказвае Вадзім Дзевятоўскі пра сваё сённяшняе фінансавае становішча. —  Стыпендыю ў нас ліквідавалі, на зборы таксама не ставяць. Але трошкі дапамагае “Дынама”. І вялікі за гэта дзякуй”.



Вадзім лічыць гісторыю з допінгам недарэчнасцю. Нікога не абвінавачвае.

Вадзім Дзевятоўскі: “Можа быць, унутраная крыўда ёсць. Хоць да гэтай сітуацыі стаўлюся з разуменнем. Тым больш дзяржава заявіла, што калі мы пераможам, нам усё кампенсуюць, калі браць з фінансавага пункту гледжання. Я спадзяюся, што гісторыя з допінгам — гэта недарэчнасць, якая выправіцца”.

Фота BBC
Фота runet.lt

Андрэй Арамнаў лічыць, што нічога страшнага не адбылося
Арамнаў хоча зноў стаць чэмпіёнам свету
Ціхан і Дзевятоўскі абскардзяць рашэнне аб дыскваліфікацыі
Ціхан і Дзевятоўскі дыскваліфікаваныя, апошні - пажыццёва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі