Андрэй Клімаў: Сёння ўначы мне снілася зона і сябры, якія там засталіся

Вядомы палітвязень распавёў Еўрарадыё пра тое, як яго напужала навіна пра вызваленне, пра сваіх сяброў на зоне і пра планы на будучыню Учора на волю неспадзявана выйшаў палітвязень Андрэй Клімаў. Ужо сённяшнім ранкам ён прыехаў у Мінск і паспеў выспацца ў сваёй кватэры. Еўрарадыё застала вядомага палітыка, калі ён разам з жонкай збіраўся ў краму па прадукты.

- Сённяшняя ноч для вас была даволі незвычайная. Што вам снілася?

- Сёння ўначы мне снілася зона. Я ўзгадваў сваіх сяброў. І мне было шкада, што я пакінуў іх у адзіноце, што іх праблемы яшчэ не хутка вырашацца. Карацей, гэтай ноччу я яшчэ не бачыў, што я вольны чалавек. Мне здавалася, што я сам знаходжуся ў сне. І толькі калі я прыехаў у Мінск, я падумаў, што напэўна ўсё ж такі я на свабодзе. Гэта ўсё вельмі нечакана, як фантастыка, як у фільме з удзелам Арнольда Шварцэнегера “Успомніць усё”.

- Як вы сябе адчуваеце?

- Выдатна. Цудоўны настрой. Я вельмі здзіўлены, што ў нашым жыцці ёсць і прыемныя нечаканасці, можа з’явіцца і штосьці добрае.

- А ці былі нейкія прадвеснікі таго, што вас вызваляць?

- Не, ніякіх. Справа ў тым, што апошнім часам рыхтаваліся матэрыялы для камісіі па датэрміновым вызваленні на замену рэжыму ў красавіку. Ішло афармленне дакументаў. Мы рабілі запыт у Мінск на прадмет прапіскі, працы і г.д. І я вельмі рыхтаваўся да гэтага. Больш за тое, калі я ўчора прачытаў у “Советской Белоруссии” прамову прэзідэнта перад студэнтамі, дзе ён сказаў, што свае абавязацельствы перад Еўрасаюзам наконт палітвязняў ён выканаў, я адразу падумаў, што, напэўна, мы з Казуліным і Здзвіжковым ужо не трапляем у лік палітвязняў. Гэтая тэма закрытая. Таму ніякіх ілюзіяў наконт датэрміновага вызвалення не было.

- Як адбылося само вызваленне?

- Учора ў 5 гадзінаў вечара я акурат сядзеў з сябрамі, піў гарбату. Мяне выклікаў турэмны начальнік і сказаў, што мне трэба тэрмінова збірацца з рэчамі. На мае пытанні “куды?” і “навошта?” Ён сказаў – этап. Гэта былі не вельмі добрыя весткі для мяне. Таму я з вялікім расчараваннем пайшоў збіраць свае клункі. Прыйшлі два сержанты, якія мяне яшчэ і падганялі, дапамагалі збірацца. Калі мае сябры-зняволеныя спыталі ў іх наконт матрацу, тыя сказалі, што яны самі яго занясуць. Тады сябры выказалі здагадку: “пойдзеш ты за сваімі кентамі на свабоду”. Яны ўжо чулі пра вызваленне палітзняволеных. Неяк цяжка ў гэта верылася. Але тым не менш, пад гэтыя сяброўскія словы я накіраваўся на кантрольна-прапускны пункт. І начальнік установы Збароўскі Юры Багданавіч аб’явіў мне аб гуманным акце прэзідэнта, які сваім указам спыніў далейшае адбыванне майго пакарання.

- Вы казалі пра сяброў. Увогуле, як да вас там ставіліся?

- Свет не без добрых людзей. І з боку адміністрацыі я атрымліваў маральную падтрымку. Такую ж падтрымку атрымліваў і ад некаторых зняволеных. У мяне былі сябры, якія мяне падтрымлівалі, дапамагалі ў цяжкую хвіліну. І я вам скажу, што пра мяне клапаціліся і я адчуваў увагу. Хоць, вядома ж, зона вельмі цяжкая. У тым плане, што кантынгент вельмі цяжкі, сур’ёзныя артыкулы, тэрміны вельмі вялікія шмат у каго. У асноўным людзі з сельскай мясцовасці, якія спіліся, здзічэлі, па шмат разоў ужо на гэтай зоне. Адпаведна, гэта накладвала пэўны адбітак на працу адміністрацыі. І мне давялося на сабе адчуць усе цяжкасці ўзмоцненага рэжыму.

- Вось зараз вы вярнуліся дадому і, мабыць, акунуліся ў бытавыя справы. Гэта вас радуе?

- Гэта вельмі прыемна зноў апынуцца дома, акунуцца ў гэты хатні быт, у гэтую мітусню, мець магчымасць прыгатаваць сабе сняданак, зварыць яйкі, зрабіць каву, схадзіць у душ. Гэта ўсё вельмі прыемна. Я гэта вельмі цаню і скажу, што свабода – гэта цудоўна.

- Ці вырашылі вы для сябе, што будзеце рабіць далей?

- Для сябе я яшчэ не вырашыў, таму што не адчуваю сябе яшчэ вольным чалавекам. Настолькі нечакана ўсё гэта было. Настолькі моцнае ўзрушэнне. Само рашэнне – проста сюрпрыз. Безумоўна, праз нейкі час я вырашу для сябе, якія наступныя крокі будуць з майго боку. Відавочна, пакуль я буду назіраць за тым, як адбываюцца перамовы сённяшняй улады з Еўрасаюзам і ЗША. Таму што сам факт, што я апынуўся ў шэрагу тых крокаў, якія выконваюцца прэзідэнтам Беларусі па вызваленні палітзняволеных, якія ўваходзяць у патрабаванні Еўрасаюзу, сведчыць аб тым, што нашая краіна стаіць на парозе вялікіх пераменаў. Пазітыўных пераменаў, якія могуць шчыльна наблізіць нас да ўступлення ў Еўрасаюз.

- Сёлета ў Беларусі адбудуцца парламенцкія выбары. Апазіцыя рыхтуе адзіны спіс кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Калі б вам прапанавалі, вы б пагадзіліся балатавацца ў парламент?

- У гэты – ніколі ў жыцці. Справа ў тым, што я дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання. Я ведаю цану рэферэндуму. І для мяне гэты парламент незаконны.

Біяграфічная даведка:

Андрэй Клімаў нарадзіўся 17 верасня 1965 года ў Мінску. Служыў у органах унутраных спраў МУС СССР (1983 – 1991), быў дырэктарам малога прадпрыемства (Мінск), старшынёй праўлення акцыянернага таварыства “Андрэй Клімаў і К°” (1991 – 1996).

У сярэдзіне 1990-х гадоў Клімаў уваходзіў у пяцёрку самых вядомых беларускіх прадпрымальнікаў — валодаў будаўнічай фірмай, якая выконвала буйныя дзяржаўныя замовы, банкам і газетай, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 13 склікання.

Пераследаванні з боку ўлад пачаліся, пасля таго як увосень 1996 года дэпутат паставіў свой подпіс пад зваротам парламентарыяў у Канстытуцыйны суд з патрабаваннем імпічменту прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. 11 лютага 1998 года арыштаваны па абвінавачванні ў крадзяжы і прадпрымальніцтве без наяўнасці ліцэнзіі. Клімаў не прызнаў абвінавачванняў. 17 сакавіка 2000 года асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі за крадзеж у асабліва буйных памерах. 25 сакавіка 2002 года Клімаў быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова.

Пасля перамогі “аранжавай рэвалюцыі” ва Украіне Клімаў абвясціў, што беларуская рэвалюцыя адбудзецца 25 сакавіка 2005 года. У той дзень улады разагналі арганізаваную ім акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.

10 чэрвеня 2005 года суд прызнаў яго вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, парушаючых грамадскі парадак і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на адзін год і шэсць месяцаў. У снежні 2006 года выйшаў на волю.

3 красавіка 2007 года быў арыштаваны “за публічныя заклікі да звяржэння канстытуцыйнага ладу” і асуджаны на 2 гады калоніі. Жанаты, мае дваіх дзяцей.

Фота — "Радыё Свабода"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі