Андрэй Кудзіненка: Мы — як малыя дзеці ў дысцыплінарным санаторыі

Андрэй Кудзіненка: Мы — як малыя дзеці ў дысцыплінарным санаторыі

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка завітаў у жывы эфір Еўрарадыё. Мы закранулі балючае: забарону на "Лістападзе" кінаальманаха "Хранатоп. Танатас і Эрас" (гэта ў ім ёсць навела "Яечня па-беларуску" пра п'янага міліцыянера, які вяртаецца дадому і заспявае там жонку з... палюбоўніцай), паразважалі пра сучасныя фільмы, "зручныя" для Мінкульта, і пагутарылі пра сам праект "Хранатоп" — крэатыўную аўтаномную кінатэрыторыю.

Некаторыя цытаты з размовы з Андрэем Кудзіненкам


На "Лістападзе" паказваюцца фільмы кшталту "Каханне" Гаспара Ноэ — там рэальнае такое паўпорна. Стаўце 18+, 21+, але дайце людзям на фестывальнай эксперыментальнай пляцоўцы паглядзець і наша беларускае кіно. А то атрымліваецца, што замежнікам можна, а нам нельга?

Мы сядзім, як кастрыраваныя людзі, і не можам закрануць ніводнай тэмы. У навеле "Яечня па-беларуску" распавядаецца пра міліцыянера, які выпівае. Я сам здымаў фільм "Апера", які ідзе па тэлебачанні ў Беларусі. Там усе п'юць пастаянна. І ўсе глядзяць, і ўсім падабаецца. Мы як малыя дзеці ў дысцыплінарным санаторыі.

"Антыгуманнае" — гэта не парушэнне закона. І ўвогуле, што такое гуманнае? Ці гуманныя кнігі Святланы Алексіевіч? Я не ўпэўнены. Дзе тыя межы гуманізму?

Наш праект "Хранатоп" — альтэрнатыва адукацыйным структурам і адсутнасці кінаіндустрыі ў нашай краіне. Як казаў Грабеншчыкоў, я тут адзін і за Боба Дылана, і за Боба Марлі, і за Ігі Попа.

Кажуць, вось Коктыш добра працаваў на сваёй пасадзе. А што Коктыш зрабіў для папулярызацыі беларускага кіно? Ды нічога! Закідваў гэтымі мэйджарскімі амерыканскімі карцінамі пракат. Калі б ён зрабіў, як у Якуціі, дзе цяпер бум свайго, якуцкага кіно, дзе людзі хочуць глядзець толькі сваё кіно, тады б я яму асабіста помнік паставіў.

Выбар у мінулым годзе пераможцы нацыянальнага конкурсу "Лістапада" — гэта як намёк: хлопцы, здымайце кіно за 50 долараў для трыццаці гледачоў і не будзеце нікога раздражняць. Такая камфортная творчасць для Мінкульта вельмі зручная.

Андрэй Кудзіненка: Мы — як малыя дзеці ў дысцыплінарным санаторыі

"Хранатоп" — гэта ў тым ліку і стан нашай дзяржавы: мы сышлі з Савецкага Саюза і нікуды не прыйшлі. Завіслі ў гэтай коме, у падвешаным стане.

У новым свеце глядач інтэрактыўны. Яму нельга даваць прамых шаблонных адказаў. Тое мысленне, якое цяпер усталёўваецца, прапаноўвае шмат варыянтаў асэнсавання для гледача.

У Курэйчыка іншыя задачы, чым у нас. Ён дзейнічае па іншай схеме і спрабуе прабіць старую структуру і некуды ўпісацца. Ён хоча зарабляць грошы. Але мне падаецца, гэта шлях тупіковы. Нават калі ў яго атрымаецца, іншым на гэта разлічваць не варта. Андрэй прапагандуе камерцыйнае кіно. Але цяпер глядач разнастайны.

Беларусьфільм — гэта структура, для якой галоўнае не людзі, а бюракратыя. Я здымаў "Масакру", дык немагчыма было нават 7% задумы рэалізаваць. Бо кожны цябе кантралюе, пры гэтым думаючы, што ты крадзеш грошы.

Мінкульт апроч недарэчных забаронаў нічога не можа прыдумаць. Усе іхнія ініцыятывы проста смешныя, а фільмы, якія яны здымаюць, яшчэ больш смешныя.

"Беларусьфільм" быў несучасны нават у мінулым XX стагоддзі.

Андрэй Кудзіненка: Мы — як малыя дзеці ў дысцыплінарным санаторыі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі