Андрэй Курэйчык: Сэксу не будзе... Але будзе каханне!

Еўрарадыё: Сам сцэнар гэта тайна. Але хацелася б прыблізна абмаляваць сітуацыю, пра якую моладзь будзе гэты серыял?

Андрэй Курэйчык: “Будуць прадстаўлены розныя людзі. Мы хочам паказаць шырокі спектр мінскай моладзі, што жывуць у горадзе Мінску. Там будуць музыкі, проста студэнты, простыя хлапцы з раёна”.

Еўрарадыё: У выніку, будзе паказаны і Мінск, і Менск?

Андрэй Курэйчык: “Так. У нас будуць героі, якія будуць размаўляць па-беларуску, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. І творцы, і простыя людзі, хлопцы і дзяўчаты, якіх я сустракаю штодня ў сваім двары. Гэта будзе горад розных людзей, але гэта будзе цудоўны горад, горад, які мы любім. Мы не хочам ачарніць неяк горад, а паказаць яго разнастайнасць культурную і чалавечую”.

Еўрарадыё: А ці будуць у гэтым серыяле ўдзельнікі маўклівых акцыяў?

Андрэй Курэйчык: “Па сюжэце іх няма, бо ён заснаваны на канкрэтным лёсе канкрэтнага чалавека, і прысвечаны праблематыцы СНІД у Беларусі. Але я пастараюся, каб атмасфера горада была паказана абсалютна шчыра. Такой, як яна ёсць сёння, у 2011 годзе”.

Еўрарадыё: Суарганізатарам гэтага праекта з'яўляецца глабальны фонд па барацьбе са СНІД. Дык гэта будзе драма?

Андрэй Курэйчык: “Гэта будзе драма. Гэта сур'ёзнае кіно. Нам не хацелася вельмі ўжо “сцябацца” над беларускай моладдзю. Мы ставілі за мэту лепш зразумець іх праблемы: чым яны жывуць, чым яны дыхаюць. Не хацелі абыходзіць ніякіх вострых культурных, сацыяльных тэмаў. Мне здаецца, што драма дае для гэтага максімальныя магчымасці. Фонд, у нашым выпадку, з'яўляецца той арганізацыяй, якая гэты праект фінансуе праз праграму развіцця ААН”.

Еўрарадыё: Гэта першы моладзевы тэлесерыял беларускі. Але калі кажыце што драма, ці не атрымаецца так, што гэта будзе ў стыле расійскай рэжысёркі Гай Германікі?

Андрэй Курэйчык: “Не. Мы абмяркоўвалі стылістыку з аператарамі, рэжысёрам, які прыехаў. Гэта будзе нешта абсалютна нечаканае: і візуальна, і стылістычна. Па-першае, там будзе вельмі шмат творчасці і музыкі. У нас мэта прэзентаваць вялікую колькасць актуальнай беларускай музыкі маладых гуртоў. А па-другое, гэта не будзе змрочнае кіно. Нягледзячы на тое, што закранаецца праблема СНІД, яно будзе яркім і аптымістычным”.

Еўрарадыё: Ці нехта з вядомых актораў з'явіцца ў гэтым серыяле?

Андрэй Курэйчык: “Расійскіх актораў не будзе дакладна. Гэта нашая прынцыповая пазіцыя. А беларускіх актораў будзем запрашаць. Будзем запрашаць і беларускіх селебрыціз, якія вызначаюць культурны працэс”.

Еўрарадыё: Серыял пра моладзь. Ці будуць там “пасцельныя” сцэны?

Андрэй Курэйчык: “Там будзе каханне. Я не называю гэта сэксам... Але так як гэта маладыя людзі 20-гадовыя — натуральна, яны будуць дзіка закаханыя, і будуць дзіка разыходзіцца... І таму будзе сапраўднае першае, а можа, і не першае каханне”.

Фота: "Салідарнасць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі