Андрэй Скабелка: Ад “ганьбы” да “малайцоў” адзін крок

Трэнер зборнай Беларусі па хакеі Андрэй Скабелка не палаў жаданнем даваць гэта інтэрв’ю. Пасля чэмпіянату свету яму і так затлумілі галаву нервовымі пытаннямі.

Але з пятай-шостай спробы трэнер дае згоду, і мы сустракаемся на ўскрайку горада ў адным з фаст-фудаў. І вось стылёвы і трошкі стомлены трэнер чакае мяне на дварэ за столікам. Перш-наперш Андрэй Скабелка прапаноўвае не пытацца пра хакей.

Трэба працаваць і быць упэўненымі ў тым, што робіцца, ― аналізуе апошні чэмпіянат свету Андрэй Уладзіміравіч. ― Мы прарабілі добрую працу. Я веру ў тое, што раблю”.

Выступленне нашых на Чэмпіянаце свету-2013 не выклікала пахвальбы. Яно і зразумела ― беларусы атрымалі шэсць параз пры ўсяго адной перамозе і трэці год запар занялі трэцяе месца з канца. Заўзятары злаваліся, а ў СМІ з’явілася ананімная інфармацыя пра тое, што зборную можа ўзначаліць новы-стары трэнер ― Глен Хэнлан. Усе гэтыя акалічнасці меліся добра папсаваць нервы Андрэю Скабелку.

Статыстыка хакейнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету (+відэа ўсіх матчаў)

Але па планах трэнера зборнай гэты чэмпіянат ― толькі пачатак на шляху да стварэння па-сапраўднаму моцнай каманды.

З чэмпіянату свету я не адзначыў нічога негатыўнага. Апроч выніку. Складана нам сёння канкураваць з найлепшымі зборнымі. Але мы былі КАМАНДАЙ цягам усяго турніру і падрыхтоўкі да яго, ― абараняе трэнер сваю зборную. ― У нас былі добрыя гульні, удалы Кубак Славакіі. Мы паказвалі някепскі хакей. Але тое што працавала падчас таварыскіх гульняў, не спрацавала на чэмпіянаце свету. Гэта гульня ў няроўных складах. Калі б мы забівалі галы, вынік чэмпіянату свету быў бы іншы. У той жа час, многія нашы хакеісты змагаліся, кідаліся пад шайбы. Недахоп майстэрства спрабавалі кампенсаваць самаадданай гульнёй. Але ўвесь турнір прайсці менавіта на самааддачы складана, трэба падмацоўваць гэта майстэрствам. Рост нашых маладых хакеістаў і зборнай у цэлым можа адбыцца за кошт павышэння майстэрства”.

Еўрарадыё: Некаторыя эксперты выказваюцца, што беларускім хакеістам не хапае байцоўскага духу, агрэсіі. Не грызуцца за шайбу… Ці ёсць такая ментальная праблема ў нашых?

Андрэй Скабелка: Ды няма. Хакеісты выходзяць і таксама хочуць “грызці”. Іншая справа, каб кусацца ― патрэбная адпаведная фізічная падрыхтоўка. Вось у гэтым кампаненце мы адстаём.

“Шведскай “Глобэн-Арэне” больш за 20 гадоў, і яна пераўзыходзіць “Мінск-Арэну” ў разы

Андрэй Скабелка ў свой час быў зоркай хакейнага чэмпіянату Расіі, адным з самых карысных хакеістаў. Але ў 90-х многія беларускія “зборнікі” былі на перадавых ролях. У 2000-х беларускія ўлады ўзялі курс на развіццё хакея. Будаваліся лядовыя палацы. Тую ж “Мінск-Арэну” называюць адной з найлепшых у Еўропе. Бюджэт дзяржпраграмы развіцця хакея абагнаў праграму па развіцці вышэйшай адукацыі. Звычайныя заўзятары абгрунтавана чакалі, што зборная будзе біцца за медалі, што з’явіцца шэраг суперзорак. Але гэтага не здарылася.

Еўрарадыё: Чаму ж нашы маладыя хакеісты адстаюць у плане фізічнай падрыхтоўкі ад сапернікаў?

Андрэй Скабелка: Трэба пачаць з таго, што ў многіх краінах на хакей трацяцца вялікія дзяржаўныя сродкі: на падрыхтоўку гульцоў, на будаўніцтва каткоў. У прынцыпе, у нас каткоў не так шмат у параўнанні з хакейнымі краінамі, якіх мы хочам абыгрываць. Мы ўсе небеспадстаўна ганарымся “Мінск-Арэнай”, але шведскую “Глобэн-Арэна” пабудавалі 20 гадоў таму. І яна па функцыянальнасці пераўзыходзіць “Мінск-Арэну” ў разы.

І зноў жа, мы збудавалі каткі, і што ― адразу ж павінны з’явіцца хакеісты? Патрэбны час, дакладная дзяржаўная праграма. Немагчыма збудаваць школу ў полі і патрабаваць праз тры гады зорных выпускнікоў. Раней была адна хакейная школа ― “Юнацтва”. Але яна працавала вельмі якасна і прадуктыўна. Потым выхаванцы раз’ехаліся па моцных клубах, лігах. Былі на вядучых ролях. Ніхто са “зборнікаў” не гуляў у трэціх-чацвёртых звёнах. Цяпер я магу сказаць, што наша зборная практычна складзена з гульцоў трэціх-чацвёртых звёнаў. На гэта першынство планеты мы запрасілі лідараў з чэмпіянату Беларусі. Але ўзроўню нашага першынства недастаткова, каб канкураваць з найлепшымі сусветнымі камандамі.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да лімітаў, якія дзейнічаюць ў чэмпіянаце Беларусі? Колькасць легіянераў і гульцоў, старэйшых за 27 год, у нас вельмі абмежаваная.

Андрэй Скабелка: Да ўзроставага ліміту ў мяне адназначна адмоўнае стаўленне. Што тычыцца легіянераў, такі ліміт амаль паўсюль ёсць. Але ён павінен быць добра ўзважаны. Трэба вызначыцца, перашкаджаюць нам легіянеры ці наадварот дапамагаюць? У Швецыі адмянілі ліміт на легіянераў ― і больш іх у чэмпіянаце не стала. У Швейцарыі дазволеныя чатыры легіянеры ў камандзе, але палова лігі ― канадцы з мясцовымі пашпартамі. Асабліва гэта было актуальна на пачатку “швейцарскага шляху”, якім сёння ўсе захапляюцца. Палова зборнай была ― натуралізаваныя канадцы.

“Па старынцы мы думаем, што павінны абыгрываць Данію і Нарвегію, але гэтыя каманды пайшлі наперад”

Еўрарадыё: У пачатку чэмпіянату свету мы ўдала гулялі са шведамі будучымі чэмпіёнамі. Амаль што здабылі ачкі. Што здарылася ў другой палове турніру?

Андрэй Скабелка: Ды нічога не здарылася. Мы гэтак жа гулялі. У зборнай было шмат дэбютантаў. У першых трох гульнях патрацілі шмат сілаў, ціснула на нас пачуццё, што маглі ўзяць больш ачкоў, але не ўзялі. Пасля паўзы была зборная Канады, на якую патрацілі вельмі шмат сілаў, каб лік на табло быў прымальны. Але калі ўзяць статыстыку, то зборная Канады валодала шайбай прыкладна 70% часу. А без шайбы не даць саперніку зрабіць шмат каля варотаў ― гэта адымае сілы. А затым былі Нарвегія і Данія. Па старынцы мы думаем, што павінны іх абыгрываць. Але нарвежцы два чэмпіянаты да гэтага гулялі ў плэй-оф. У той жа Даніі ёсць дакладна збудаваная праграма развіцця хакея, гэта каманда дастаткова прагрэсуе. Мы ў матчы з імі маглі перамагчы, маглі прайграць. І не перамаглі. Са швейцарцамі даволі някепска гулялі цягам матча, але канцоўка не атрымалася. Замест таго, каб забіваць у большасці, атрымалі выдаленне і гол у свае вароты. Дзесьці гэта недахоп досведу, дзесьці ― нестабільнасць. Але, на мой погляд, не было ніводнай правальнай гульні. Магчыма, такой можна назваць толькі першую палову матча з Даніяй.

Еўрарадыё: Калі развіваць зборную ў тым жа ключы, ці можна ад гульцоў чакаць прагрэсу?

Андрэй Скабелка: Напэўна, у іншым ключы мы развівацца ўжо не зможам, Сёння ў нас няма іншага варыянту, апроч як рыхтаваць гэтых хакеістаў і выводзіць іх на новы ўзровень.

Еўрарадыё: Вы кажаце менавіта пра тых маладых “зборнікаў”, якія ўдзельнічалі ў Чэмпіянаце свету-2013?

Андрэй Скабелка: Не абавязкова. Былі хакеісты, якія ўдзельнічалі ў Першынстве свету-2012 (не буду называць прозвішчы), і ў іх гульні нічога не змянілася ў лепшы бок. Нават нейкі спад здарыўся. Іншыя хлопцы убачылі узровень, і не факт, што яны змогуць так трэніравацца. Каб гуляць у вялікі хакей, працаваць трэба самааддана і катаржна. Талент ― гэта толькі 20-30% поспеху. Гэты чэмпіянат свету стаў добрым стымулам для іншых гульцоў з чэмпіянату Беларусі. Яны убачылі, што ў зборную трапіць магчыма, калі рупліва працаваць і сябе праяўляць.

Пра Глена Хэнлана і беларускую мову на хакейнай форме

Еўрарадыё: Можа, цяпер не найлепшы для гэтага момант. Але што вы можаце сказаць пра інфармацыю аб магчымым вяртанні ў зборную Беларусі Глена Хэнлана?

Андрэй Скабелка: Тое ж самае, што і вы. Бачыў гэтую інфармацыю ў газетах.

Еўрарадыё: З вамі ніякіх размоваў наконт гэтага не вялося?

Андрэй Скабелка: Са мной, наконт Глена Хэнлана? Я ж не працую ў органе, які прызначае галоўнага трэнера зборнай. Я ўжо казаў, калі ўзначальваў каманду, што вынік можа з’явіцца пры доўгатэрміновым праекце. Але ў кожным выпадку, прызначэнне галоўнага трэнера ад мяне не залежыць.

Еўрарадыё: Уладзімір Крыкуноў, з якім выйшлі ў паўфінал Алімпіяды-2012, ацаніў гульню зборнай Беларусі “нармальна”. Але ён параіў перавесці гульцоў зборнай у “Дынама-Мінск”, пакінуўшы толькі адно легіянерскае звяно. На думку спецыяліста, беларусы дасягнуць КХЛ-аўскага ўзроўню за 4-5 месяцаў.

Андрэй Скабелка: Тут павінен быць узважаны баланс. Натуральна, на карысць беларускіх гульцоў. Трэба разумець, што КХЛ ― гэта сур’ёзная ліга, і мы хочам быць канкурэнтаздольнымі. У нас добрая і змяшчальная арэна, якую мы павінны запаўняць, у тым ліку, і пры дапамозе сваёй гульні. Вельмі складана зрабіць базавы клуб для зборнай. 18-й ці 19-й камандзе складана будзе змагацца з найлепшымі зборнымі свету. Хоць для развіцця беларускіх гульцоў гэта, несумненна, быў бы крок наперад.

Еўрарадыё: Як лічыце, ці можа патрыятызм матываваць хакеіста да прафесійнага росту?

Андрэй Скабелка: Натуральна, і ў гэтым ключы трэба рухацца. У мірны час героі ― гэта пісьменнікі, навукоўцы, спартсмены, якія дабіваюцца вынікаў. На іх прыкладзе і павінна грунтавацца ідэалогія. Тыя ж героі Алімпіяды ― Герасіменя, Азаранка. Яны для прасоўвання Беларусі ў свеце робяць больш, чым усе разам узятыя палітыкі. Гэта вельмі важна.

Еўрарадыё: Цяпер ў шэрагу футбольных клубаў абмяркоўваецца, ці пісаць на футболках прозвішчы гульцоў па-беларуску. Бо які ты патрыёт, калі адмаўляешся ад сваёй мовы. Чалавек жа павінен ясна зразумець, хто ён, адкуль і за каго яму біцца! Той, хто быў у Швейцарыі, ведае, як мясцовыя грамадзяне гарой стаяць за сваю краіну.

Андрэй Скабелка: Поспех швейцарцаў ― гэта плод шматгадовай сістэмы. А што тычыцца мовы, мне складана сказаць. Як напісаць ― “корова” ці “карова”. Ці дасць яна ад гэтага больш малака? Але з чагосьці трэба пачынаць. І чаму б не зрабіць першы крок з нанясення прозвішчаў на форме па-беларуску. Для нашага чэмпіянату гэта, напэўна, лагічна.

Еўрарадыё: Андрэй Уладзіміравіч, вы адчуваеце ў сабе моц далей працаваць са зборнай, ці застаўся ў вас імпэт і агонь?

Андрэй Скабелка: А што магло пагасіць гэты агонь?

Еўрарадыё: Нервы, крытыка, артыкулы…

Андрэй Скабелка: Нервы ― гэта частка нашай прафесіі. Куды без гэтага? А артыкулы я навучыўся чытаць без эмоцый. Сёння цябе могуць усхваляць, а заўтра… Для мяне быў прыклад у мінулым сезоне, калі “Дынама-Мінск” гуляла запар дзве гульні з “Аўтамабілістам”, а пасля гэтага з магнітагорскім “Металургам”. Падчас першай гульні ўся арэна крычала: “Ганьба!” А на наступнай: “Малайцы!” Вось і ўсё. Ад “ганьбы” да “малайцоў” адзін крок.

Еўрарадыё: Дык ці культурна балеюць беларусы за сваю зборную?

Андрэй Скабелка: Я вам магу прывесці адзін прыклад, а вы самі рабіце высновы. Мы гулялі ў Военсе трэці матч з датчанамі ― гаспадарамі турніру. Быў поўны стадыён, мы перамаглі. А датчане на турніры двойчы прайгралі і не трапілі на Алімпіяду. Прагучаў фінальны свісток. Увесь стадыён падняўся і апладзіраваў сваёй камандзе…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі