Андрэй Паротнікаў: Супраць вярбоўкі дзейны адзін сродак — галоснасць
Следчы камітэт не з’яўляецца суб’ектам аператыўна-вышуковай дзейнасці і займацца так званай вярбоўкай не можа. Таму, калі рэдактара партала і спрабавалі завербаваць падчас яго знаходжання на допыце ў Следчым камітэце, то рабілі гэта прадстаўнікі нейкай іншай структуры. Пра гэта падчас жывога эфіру Еўрарадыё заявіў кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
“Гэта маглі быць супрацоўнікі МУС, гэта маглі быць супрацоўнікі КДБ ці Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Тэарытычна, гэта маглі быць супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю — калі іх цікавяць схемы гаспадарчай дзейнасці выдання, дзе працуе спадар Бобрык. Таму мы цяпер можам разважаць на тэму, хто гэта быў і для чаго гэта рабілася, але відавочна адно — роля Следчага камітэта была толькі ў тым, што яны далі магчымасць прадстаўнікам нейкай іншай структуры сустрэцца з фігурантамі "справы БЕЛТА"”, — кажа Андрэй Паротнікаў.
Адпаведна, дадае медыяэксперт і фігурант “справы БЕЛТА” Паўлюк Быкоўскі, незразумела, якую менавіта паперу і аб чым канкрэтна падпісаў Дзмітрый Бобрык. Але падазраваць рэдактара tut.by у тым, што ён падпісаў нейкія іншыя паперы, якія цяпер памылкова называе “паперай аб супрацоўніцтве”, Быкоўскі не стаў бы.
“Калі ён нешта падпісваў у прысутнасці адваката, то адвакат мусіў бы разумець, што даюць падпісваць і мусіў патлумачыць гэта кліенту. І ў такім выпадку, ён бы не рабіў памылкі. Зыходзячы з таго, што Бобрык такія рэчы расказвае (што яму пагражалі і ён быў вымушаны падпісаць згоду на супрацоўніцтва. — Еўрарадыё). То, хутчэй за ўсё, адбывалася гэта па-за межамі працы з адвакатам, гэта не былі звычайныя працэсуальныя дзеянні, і можна падазраваць, што ўсё было так, як Дзмітрый і расказвае”, — лічыць Паўлюк Быкоўскі.
Тым больш, што верагоднасць пагроз з боку “невядомых у цывільным” дапусціць не складана, дадае Андрэй Паротнікаў.
“У самой аператыўна-вышуковай дзейнасці ёсць пэўная дваістасць. З аднаго боку, пагрозы, шантаж, разгалошванне канфедэнцыйнай інфармацыі — гэта злачынствы, за якія прадугледжаная крымінальная адказнасць. З іншага боку, аператыўна-вышуковая дзейнасць абапіраецца на ўнутрыведамасныя акты. Пераважна — сакрэтныя. І там ёсць рэчы, якія выходзяць за мяжу законнасці. І таму следчыя заўжды ідуць па тонкім лёдзе: з аднаго боку, ты — прадстаўнік праваахоўнай структуры, якая павінна прытрымлівацца нейкай нормы заканадаўства. Але з іншага боку, у цябе ёсць ведамасныя нарматыўныя акты, можа, нават непасрэдны загад твайго кіраўніцтва. І ты вымушаны, абапіраючыся на падзаконныя акты, ісці на парушэнне крымінальнага кодэкса”, — кажа Андрэй Паротнікаў.
Суразмоўцы Еўрарадыё перакананыя, што прызнанне Дзмітрыя Бобрыка — годны і варты павагі ўчынак.