Анісім: Нехта спецыяльна скарыстаў гэтую дату, каб дыскрэдытаваць і Дзень Волі
На адкрыцці веснавой сесіі Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім прапанавала калегам унесці ў план працы разгляд сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Яе прапанову адхілілі. Маўляў, не ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэгламенту яна была ўнесеная. Пра тое, чаму так цяжка нечага дамагчыся нават маючы мандат дэпутата ў кішэні, на чыім сумленні разгон Дня Волі і ці здольны парламентарый дамагчыся адмены забароны на канцэрты музыкаў з “чорнага спісу”, размаўляем у жывым эфіры Еўрарадыё з Аленай Анісім.
Цалкам размову з Аленай Анісім можна паслухаць і паглядзець тут.
Цытаты з размовы:
У Палаце прадстаўнікоў да такой ступені ўсё зарэгламентавана і зафармалізавана, што часам нешта жывое прапанаваць з ходу даволі складана.
Што сёння хвалюе людзей і ад чаго ў нас узнікаюць пэўныя праблемы і перакосы — гэта стаўленне да людзей. Людзей трэба паважаць. Да прыкладу, я сутыкнулася з тым, што ў нас вельмі непаважліва ставяцца да правоў інвалідаў.
Урок Дэкрэта №3 вучыць нас таму, што жанчын, якія маюць дзяцей да 14 гадоў, варта вызваліць ад выплаты гэтага падатку.
Тая лібералізацыя, трэнд на якую ўзяты сёння, сутыкаецца з лобі пэўных чыноўнікаў і пэўных міністэрстваў.
Калі нешта ў краіне стваралася дзесяцігоддзямі, то ў адну ноч, нават калі за гэта будзе 100% дэпутатаў, наўрад ці ўдасца змяніць сітуацыю. Кавалерыйскім наскокам не атрымаецца: ёсць лобі, ёсць супраціў, з якім таксама трэба навучыцца працаваць, каб яго пераадольваць, пераконваць і схіляць на свой бок.
Мэта аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя БНР палягае ў тым, каб свята Беларускай Народнай Рэспублікі, Дзень Волі 25 сакавіка, стала сапраўдным днём яднання і гуртавання ўсіх патрыятычных сіл.
Хто працаваў над тым, каб Дзень Волі сёлета прайшоў менавіта як свята? Усе мінулыя гады людзі маглі спакойна сабрацца і прайсці са сцягамі па цэнтры Мінска. Пытанне ў тым, каму гэта не патрэбна было сёлета.
У людзей, каб выказаць свой пратэст Дэкрэту №3, былі і іншыя даты апроч 25 сакавіка. А тое, што нехта спецыяльна выкарыстаў гэтую дату... напэўна падтэкст быў, каб дыскрэдытаваць яшчэ і Дзень Волі — то гэта іх была мэта і задача.
Што там і як было сёлета з разглядам Мінгарвыканкамам заяўкі на правядзенне Дня Волі, я не ведаю, бо не была ў аргкамітэце.
Сёлета на 25 сакавіка я была ў сваёй акрузе — прыбірала хмызнякі каля брукаванкі, якая з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Я палічыла сваім абавязкам быць там.
Разважаць пра вяртанне 25 сакавіка як дзяржаўнага свята можна колькі заўгодна, але працаваць на гэта трэба.
Курапаты могуць стаць прыкладам дыялогу паміж уладай і грамадскасцю. Правільна было б паклікаць усіх, хто ў аргкамітэце, і прыслухацца да іх прапаноў наконт таго, якім павінен быць мемарыял у Курапатах.
Вядзецца вялікая грамадская праца, каб заканадаўства было на беларускай мове: цяпер, да прыкладу, перакладаецца Грамадзянскі кодэкс. І маёй задачай будзе наданне зробленаму грамадскімі высілкамі юрыдычнай сілы.
“Чорных спісаў” музыкаў я не бачыла, але ўзрушаная тым, што нашы музыкі не маюць магчымасці развіваць сваю музыку, сваё мастацтва ў Беларусі.