Апазіцыя і ўлада дашлюць прадстаўнікоў на паліткамітэт ПАСЕ

Прадстаўнікі Нацыянальнага сходу і Аб'яднаных дэмакратычных сіл (АДС) возьмуць удзел у пасяджэнні камітэта па палітычных пытаннях Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) 17 сакавіка ў Парыжы. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе Савета Рэспублікі, беларускую парламенцкую дэлегацыю будзе ўзначальваць старшыня камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве верхняй палаты парламента Яўген Смірноў.

Ад АДС запрашэнні атрымалі лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і намеснік старшыні руху "За Свабоду" Віктар Карняенка.

У інтэрв'ю БелаПАН В.Карняенка паведаміў, што, магчыма, на пасяджэнні паліткамітэта ПАСЕ будзе абмяркоўвацца пытанне аб наданні беларускаму парламенту статусу спецыяльнага запрошанага ў ПАСЕ.

Нагадаем, 18 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску кіраўнік паліткамітэта ПАСЕ Горан Ліндблад сказаў, што наданне статусу спецыяльнага запрошанага магчыма пры фармаванні сумеснай дэлегацыі з прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і апазіцыі.

"АДС не супраць часовага фармавання змешанай дэлегацыі. Аднак гэта павінна стаць толькі першым крокам на шляху далучэння Беларусі да Савета Еўропы. Беларускія ўлады павінны ўзяць на сябе канкрэтныя абавязацельствы, што за пэўны перыяд яны выканаюць умовы ўступлення ў Савет Еўропы: вырашаць пытанне з адменай смяротнай кары, далучацца да Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, правядуць свабодныя выбары", — сказаў В.Карняенка.

Справаздачу аб сітуацыі ў краіне паводле вынікаў візіту ў Мінск 16—19 лютага на пасяджэнні паліткамітэта дасць дакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні.
Апрача беларускага пытання на пасяджэнні паліткамітэта будуць разгледжаны сітуацыя на Блізкім Усходзе, рэформа ААН і некаторыя аспекты правядзення выбарчых кампаній.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі