Апошняе слова экс-кіраўніка гродзенскіх медыкаў доўжылася 20 секунд
7 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска з апошнім словам выступіў Андрэй Стрыжак — былы начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя і адзін з фігурантаў "справы медыкаў".
Абвінавачанне просіць прызнаць яго вінаватым у атрыманні хабару і прысудзіць да 7,5 года пазбаўлення волі.
Апошняе слова Стрыжака доўжылася 20 секундаў, піша tut.by. "Высокі суд. Зробленае мною ўсведамляю і шкадую. Каюся ў тым, што адбылося. Пры вынясенні прысуду прашу ўлічыць маю яўку з павіннай і супрацоўніцтва са следствам. Усё", — сказаў падсудны.
Прысуд будзе абвешчаны 15 лютага.
Паводле матэрыялаў следства, Стрыжак чатыры гады атрымліваў грошы ад бізнесоўцаў за пастаўкі медтэхнікі ў лякарні і дыспансеры. Гэтак бізнэсоўцы "дзякавалі" яму за своечасовы разлік за тавар. Агулам у справе фігуруе сума больш як 30 тысяч долараў.
Стрыжак прызнае толькі частку хабараў, агалошаных у абвінавачванні, — прыкладна 19,7 тысячы долараў. Гэтыя грошы ён кампенсаваў падчас следства.