Apple Tea+Цэслер = Apple Tea V

У продажу крамаў музычнага лэйбла “Vigma” з’явіўся пяты па ліку альбом ветэранаў айчыннага джазу Apple Tea пад назвай “Apple Tea V”. Паводле словаў бубнача каманды Аляксандра Сапегі, альбом,  найлепшы ў дыскаграфіі Apple Tea, уключае ў сябе 10 кампазіцый, напісаных у розныя часы Ігарам Сацэвічам:

Аляксандр Сапега: “ У альбом увайшлі 10 твораў, усе яны напісаныя ў розныя часы. Дарэчы, сярод іх ёсць і старыя п’есы, якія былі створаныя Ігарам напачатку “Apple Tea” і несправядліва забытыя. Зараз яны знайшлі другое жыццё: некалі мы гралі па-дзіцячы, зараз – па-даросламу. Удзел у альбоме ўзялі ўсё тыя ж людзі…”

Не зусім звычайную назву плыты прапанаваў мастак Уладзімір Цэслер, для якога ўжо каторы раз дыскі Apple Tea становяцца пляцоўкай для дэманстрацыі сваіх прац. Гэтым разам для поўнай рэалізацыі незвычайных графічных поглядаў Цэслер папрасіў музыкаў прыдумаць альбому зусім кароткую назву, а потым сам яе падказаў. Прыйшлося адмовіцца ад традыцый.

Аляксандр Сапега: “ Традыцыйна як мы робім — назвай нейкай п’есы называем альбом. Так шмат хто робіць. А тут Цэслер папрасіў больш кароткую назву. Наш варыянт яго не задаволіў, таму ён і прапанаваў назваць плыту "Пятай" — па колькасці”.



Згодна са словамі Аляксандра, канцэрт-прэзентацыя альбома “Apple Tea V” адбудзецца 19-га траўня ў Мінску, апроч таго ў падтрымку альбома гурт ладзіць тур па беларускіх гарадах, дзе ёсць музычныя навучальныя ўстановы: Гомель, Гродна, Брэст, Магілёў і г.д.

Набыць апошні альбом гурта Apple Tea можна ў крамах кампаніі “Vigma” а таксама ў “Няправільнай краме”, што ў Акадэміі навук.

Паслухаць альбом можна на MySpace-старонцы гурта ў Інтэрнэце.



Фота: www.apple-tea.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі