Апублікаваная адна з афіцыйных версій крушэння “Боінга” ва Украіне (відэа)
Паводле міжнароднай следчай групы, самалёт хутчэй за ўсё збілі з устаноўкі “Бук”, якую пасля пераправілі ў Расію. Следчыя шукаюць сведак.
Міжнародная следчая група, у якую ўваходзяць спецыялісты з Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі, Галандыі і Украіны, апублікавала відэазварот, у якім просіць адгукнуцца сведак перасоўвання па Данецкай вобласці зенітна-ракетнага комплексу “Бук” у дні, калі быў збіты пасажырскі “Боінг” малайзійскіх авіяліній.
Нагадаем, авіякатастрофа, у выніку якой загінула 298 чалавек, здарылася 17 ліпеня 2014 года ў раёне сяла Грабава на ўсходзе Данецкай вобласці Украіны. Самалёт выконваў рэгулярны рэйс з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. У відэароліку, апублікаваным на сайце галандскай пракуратуры, падкрэсліваецца, што следчыя разглядаюць некалькі варыянтаў катастрофы. Адзін з іх — самалёт збіла зенітна-ракетная ўстаноўка “Бук”. “Па ўсёй верагоднасці ракета была запушчаная з тэрыторыі Данецкай вобласці, што кантралюецца сепаратыстамі”, — гаворыцца ў роліку. У сувязі з гэтым следчыя звяртаюцца да сведак, якія маглі бачыць перамяшчэнне “Бука” па ўсходзе Украіны. Эксперты ўстанавілі маршрут, якім рухалася ўстаноўка, а таксама абнародавалі тэлефонныя перамовы сепаратыстаў, звязаныя з “Букам”. Па інфармацыі міжнароднай следчай групы, пасля авіякатастрофы ЗРК быў вывезены на тэрыторыю Расіі. Разам з тым, на сайце нідэрландскай пракуратуры падкрэсліваецца, што пакуль занадта рана рабіць высновы аб прычынах авіякатастрофы. І пошук сведак перамяшчэння “Бука” не азначае, што прычына крушэння самалёта ўжо дакладна ўстаноўленая. Фота:fraza.ua