Арамнаў: Мае два асноўныя старты — чэмпіянат свету-2015 і Гульні-2016

Андрэй Арамнаў не едзе на чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы. Спаборніцтвы пройдуць з 8 па 16 лістапада ў Алма-Аты. Вядома, што знакаміты цяжкаатлет у чарговы раз траўмаваўся. На гэты раз пацярпела левая нага. Траўма зноўку здарылася на этапе, калі спартовец па выніках набліжаўся да сусветнага рэкорду. Але у гутарцы з Еўрарадыё алімпійскі чэмпіён 2008 года тлумачыць, што зараз ён мэтанакіравана нацэлены на Гульні 2016 года.     

Арамнаў: На чэмпіянат свету я не еду, таму што не вельмі добра зажыла нага. Мог там выступіць. На апошнім чэмпіянаце Еўропы выступаў траўмаваным і ўзяў трэцяе месца.  Але я зрабіў стаўку на два асноўныя будучыя старты — чэмпіянат свету 2015 года і Алімпійскія гульні 2016-га. Тут трэба будзе адпрацаваць беспамылкова. 

Еўрарадыё: Але ж на Алімпіяду трэба неяк адабрацца…

Арамнаў: Так. Для гэтага дастаткова проста быць на чэмпіянаце свету наступнага года, проста выступіць на памосце. Каб не было траўмаў, трэба працаваць больш спакойна ў тым плане, што я ўвесь час спрабую выйсці на свой найлепшы вынік і нават пабіць рэкорды. Жыццё паказала, што мне не трэба гэтага рабіць. Трэба проста выйсці, і рэкорды могуць пабіцца самі па сабе. 

Еўрарадыё: З 2010 года вы прапусцілі амаль усе старты з-за траўмаў ног. То левая, то правая, то мышца парвецца, то звязка. Няўжо  медыцына не можа прапанаваць метадаў, каб папярэдзіць вашы бясконцыя траўмы?

Арамнаў: Усе свае прэтэнзіі я не раз агучваў. Усё засталася на ранейшым узроўні. Але на дадзены момант самае важнае, каб не стала яшчэ горш. Спадзяюся, што ўсё будзе добра. Ужо праз тыдзень-два я пачну трэніравацца. Паспрабую сябе на вясеннім чэмпіянаце Еўропы і пачну мэтанакіраваную падрыхтоўку да Алімпіяды.

Фота з архіву Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі