Арамнаў нарэшце дамовіўся з трэнерамі, а Рыбакоў залячыў траўмы
Зборная па цяжкай атлетыцы збірае на чэмпіянат свету наймацнейшы за гады склад. Вяртаюцца зоркі мінулых часоў.
Чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы стартуе ў Польшчы ў сярэдзіне кастрычніка. Наша зборная бязвылазна рыхтуецца да спаборніцтваў у “Стайках”. Такога моцнага складу, якім камплектуюць каманду, не было, магчыма, нават на трыўмфальнай Алімпіядзе ў Пекіне 2008-га года.
Уся жаночая зборная ― альбо медалісткі чэмпіянатаў Еўропы і свету, альбо прызёркі Алімпіяды. І калі нашы дзяўчаты ў апошнія гады стабільна ўваходзяць у прызы, то ў мужчын з 2012-га года здарыўся безмедальны крызіс. Пераадолець яго плануецца ў Польшчы.
На памост хочуць выставіць двухразовага срэбранага медаліста Алімпіяд Андрэя Рыбакова, які на Гульнях-2012 сышоў з дыстанцыі з-за траўмы. І больш за зборную не выступаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, залечваў траўмы.
Андрэй Рыбакоў
На апошнім чэмпіянаце Беларусі “падняўся з попелу” некалі зорны юніёр Вадзім Стральцоў (94 кг). Ён стаў наймацнейшым штангістам Беларусі паводле табліцы Сінклера. Хоць пра Вадзіма нічога не было чуваць з 2010-га года.
Таксама збіраецца вярнуцца Андрэй Арамнаў.
“Калі ён сядзе на самалёт і прыляціць на спаборніцтвы, то я ўпэўнены, што возьме медаль, ― разважае дзяржтрэнер зборнай па цяжкай атлетыцы Міхаіл Захаранка. ― Ён увесь час на зборах. Ён паўсюль можа паказаць добры вынік. У нас змянілася кіраўніцтва нацыянальнай каманды. За мужчын адказвае Віктар Шаршакоў, які знайшоў з Арамнавым кансенсус. Што тычыцца мужчын, многія хочуць пра сябе заявіць, каб іх не скідвалі з рахункаў”.
Чэмпіён Пекіна-2008 Андрэй Арамнаў, пра якога многія казалі “столькі ж вырваць ён ужо не зможа”, на чэмпіянаце Беларусі падняў у рыўку 201 кг (на кіло больш, чым на Алімпіядзе). У штуршку ўзяў 225 кг (на 11 кг менш, чым у Пекіне). Але ў цэлым вынік блізкі да Андрэевага сусветнага рэкорду.
“Як казаў мой бацька, прафесіяналізм не прап’еш і не пракурыш”, ― кажа пра сваю падрыхтоўку Андрэй Арамнаў.
Еўрарадыё: Ці ўдалося вам залячыць траўмы?
Андрэй Арамнаў: Так, але сцёгны не змог вывесці на самую лепшую форму. У спіне ж і ў руках я цяпер мацнейшы, чым раней. Адчуваю сябе вельмі нават някепска. Цяпер у мяне трошкі пайшла раскаардынацыя рухаў. Але мы знайшлі прычыны. Памост, дзе я трэніруюся, трошкі, відаць, скрывіўся ад кілаграмаў, якія я падымаю. І з-за гэтага пайшла перанагрузка аднаго сцягна. Але зараз мы гэту памылку выявілі і будзем рамантаваць памост. Бо з такімі кілаграмамі няроўнасці сур’ёзна адбіваюцца на выніку.
Еўрарадыё: Такое ўражанне, што настрой у вас аптымістычны…
Андрэй Арамнаў: Цяпер у нас вельмі добрая каманда, трэнерскі склад, усе працуем, як кажуць, у адну брамку. Мае вынікі прадказваюць, што ўсё павінна быць добра. Але часам я не адчуваю сябе такім жа ўпэўненым, як раней, з’яўляюцца сумневы. На чэмпіянаце зраблю ўсё магчымае і спадзяюся, усё складзецца добра.
Чэмпіянат свету пройдзе ў Польшчы з 16 па 27 кастрычніка. Што праўда, заваяваць алімпійскую ліцэнзію на гэтых спаборніцтвах пакуль будзе нельга.
Верагодны склад зборнай на чэмпіянат свету-2013:
Атлет |
Вагавая катэгорыя |
Міжнародныя рэгаліі |
Андрэй Рыбакоў |
85 кг |
Двухразовы срэбны прызёр Алімпіяд, двухразовы чэмпіён свету, рэкардсмен свету |
Мікалай Новікаў |
85 кг |
Бронзавы прызёр чэмпіяната Еўропы 2009-га года |
Алег Хугаеў (запасны) |
85 кг |
Чэмпіён Еўропы сярод юніёраў 2012-га года |
Вадзім Стральцоў |
94 кг |
Бронзавы прызёр чэмпіяната Еўропы 2007-га года |
Аляксандр Макаранка |
94 кг |
|
Андрэй Арамнаў |
105 кг |
Алімпійскі чэмпіён 2008-га года, чэмпіён свету, рэкардсмен свету. З 2008-га па 2012-ы гады быў наймацнейшым штангістам свету паводле табліцы Сінклера |
Алег Лобан |
105 кг |
Чэмпіён Еўропы сярод юніёраў 2005-га года |
Яўген Жарнасек |
+105 кг |
Чэмпіён Еўропы сярод юніёраў 2007-га года |
Настасся Новікава |
63 кг |
Трохразовая чэмпіёнка Еўропы, чэмпіёнка свету 2011-га года, бронзавая прызёрка Алімпіяды 2008-га года |
Дзіна Сазанавец |
69 кг |
Віцэ-чэмпіёнка Еўропы 2013-га года |
Марына Шкерманкова |
69 кг |
Бронзавая прызёрка Алімпіяды 2012-га года |
Кацярына Шкуратава |
+75 кг |
Срэбная прызёрка чэмпіяната Еўропы 2007-га года |
Фота budzma.org і bobruisk.ru