Арамнаў вярнуўся ў зборную, каб уратавацца ад голаду

Еўрарадыё даведалася пра падрыхтоўку беларускіх суперспартоўцаў. Штангіст Арамнаў рыхтуецца паставіць нечалавечы рэкорд, а лёгкаатлеткі Мянькова і Несцярэнка ў аптымальнай форме перад чэмпіянатам свету Лепшы спартсмен Беларусі Андрэй Арамнаў, пакараны на пяць мільёнаў рублёў за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, вярнуўся ў вялікі спорт. Нагадаем, што Арамнаў адмовіўся трэніравацца са зборнай Беларусі і пераехаў у Барысаў да асабістага трэнера. Днямі атлет вярнуўся ў нацыянальную зборную і рыхтуецца паставіць новыя рэкорды свету.

“Паўгода я быў дома. Цяпер вось вярнуўся ў спартовы комплекс “Стайкі”. Пачаў паглыблена займацца сваім відам спорту, таму што планаў вельмі шмат наперадзе, — кажа лепшы штангіст свету. — Трэба ўзнаўляць свой гонар, заплямлены рознай лухтой. Хацелася б паставіць тры новыя сусветныя рэкорды. Зараз сілаў шмат, пасля Алімпіяды вельмі добра адпачыў”.

Галоўны прыцэл Арамнава — не бліжэйшы чэмпіянат свету, а першынство Еўропы, якое ў красавіку наступнага года плануецца правесці ў Мінску.

“Хацелася б паказаць самы вялікі вынік, які толькі магчымы, — дзеліцца планамі Андрэй Арамнаў. — Хацеў бы праверыць сябе на трываласць. Паставіць такія рэкорды, якія больш ніхто не зможа падняць. Хацелася б так падрыхтавацца. Хачу паказаць беларусам, хто такі сапраўдны Андрэй Арамнаў, што гэта за від спорту — штанга. Каб нашы людзі не слухалі розныя плёткі, і ўсе ведалі мяне ў твар”.

Нагадаем, што ў Андрэя Арамнава забралі прэзідэнцкую стыпендыю ў 15 мільёнаў, і сёння ён зарабляе ўсяго каля 450 тысяч рублёў у месяц. Лепшы штангіст планеты ўвяз у пазыках — грошай не хапае нават на аплату камунальных паслуг. А ў зборную вярнуўся, бо там, па словах штангіста, “бясплатна і добра кормяць”.

Арамнаў, пра правіннасць якога з нецвярозай яздой даішнікі разбалабонілі на ўсю краіну, не стаў прыніжацца і на каленях прасіць прабачэння. І толькі сёння чэмпіён узважана выбачаецца перад журналістамі.

Андрэй Арамнаў: “Я лічу, што напоўніцу заплаціў за тое, што нарабіў. Я ўжо п’яны ездзіць за рулём не буду, чэснае слова. Я ўсё зразумеў, апраўдаў усе чаканні. А чаму далей працягваецца выхаванне, чаму мне не вяртаюць заробак, не магу гэтага зразумець”.

І хоць Арамнаву не хапае грошай нават на добрую спартовую фармацэўтыку і ён рыхтуецца ў значна горшых умовах, чым яго расійскія, турэцкія і кітайскія сапернікі, нашага асілка, падобна на тое, ўсё адно нічога не спыняе.

Тая ж сітуацыя з алімпійскай чэмпіёнкай Аксанай Мянковай. Яна рыхтуецца да чэмпіянату свету ў Берліне, які стартуе 15 жніўня. Як паведамілі ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, у мінулую суботу на спаборніцтвах у Стайках Аксана кінула молат на 75 метраў 28 сантыметраў. Нагадаем, што на мінулай Алімпіядзе вынік быў прыблізна такі ж — 76 метраў 34 сантыметры.

А самая хуткая беларуская бягуха пачатку XXI стагоддзя Юлія Несцярэнка таксама едзе ў Берлін, каб паспаборнічаць у спрынце на 100 метраў і эстафеце 4 па 100 метраў. Спартсменка ў аптымальнай для сябе форме

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі