"Басовішча-2015" агучыла ўсіх удзельнікаў і лайн-ап фестывалю
Хэдлайнерамі сталі Лявон Вольскі, FolCore, Brutto, Lao Che ды Dzieciuki.
Арганізатары “Басовішча-2015” назвалі ўсіх удзельнікаў фестывалю і апублікавалі сёлетні лайн-ап. 17–18 ліпеня на лясной палянцы Борык каля мястэчка Гарадок на Беласточчыне выступяць 14 гуртоў з Польшчы, Беларусі і Украіны. Хэдлайнерамі першага дня стануць Лявон Вольскі і мінскі shamanic-folk metal гурт FolCore. Другі фестывальны дзень закрыюць новы гурт Сяргея Міхалка Brutto, палякі Lao Che ды гарадзенцы Dzieciuki.
Адкрыецца фестываль у пятніцу конкурснай часткай, дзе за ўзнагароду ў 2000 злотых, выступ на “Басовішчы-2016” і актыўную ратацыю ў прайм-тайме на “Радыё Рацыя” пазмагаюцца гурты Exegutor, ByCry, Tonqixod ды Navi. Абодва вечары оўпэн-эйра закрыюць дыджэі — Lou Badgers ды Jungle Feelings.