Арганізатары Еўрапейскага маршу прапануюць уладам Беларусі дыялог

Стала вядомая дата Еўрапейскага маршу ”За свабоду”. Ён адбудзецца ў Мінску 14 кастрычніка. Марш пачнецца на Кастрычніцкай плошчы, а завершыцца каля Нацыянальнай бібліятэкі. Пра мэты акцыі “Еўрарадыё” распавядае міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саннікаў:

“Мы хацелі б падкрэсліць падтрымку тых прапаноў, якія існуюць з боку Еўразвязу. І ўвогуле, выказацца ў падтрымку накірунку развіцця краіны ў бок Еўропы. Зараз відавочна, што ніякія гульні ні з Масквой, ні з Тэгеранам ці Каракасам не дапамогуць Беларусі.

Мы павінны, па-першае, аднавіць адносіны з еўрапейцамі на нармальнай аснове, па-другое,зрабіць іх больш эфектыўнымі і моцнымі. Для гэтага трэба змяніць сітуацыю ў Беларусі”.


У адрозненне ад іншых апазіцыйных акцый, арганізатары “Еўрапейскага маршу” выразна прапануюць уладам Беларусі дыялог у справе яго правядзення.

На думку Саннікава, “зараз заўважныя незалежніцкія настроі ў чынавенстве”, якое “адчувае патрэбу зменаў, эканамічных рэформаў”. Але змены не могуць пачацца пры захоўванні сённяшняй сітуацыі, лічыць ён.

Арганізатары Еўрапейскага маршу ”За свабоду” ўжо падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на яго правядзенне.

Таму хутка стане вядома, ці зацікаўленыя ўлады ў супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі, якія прызначылі месцам збору дэманстрантаў Кастрычніцкую плошчу.

Вось што гаворыць Андрэй Саннікаў: “Справа нават не ў Кастрычніцкай плошчы. Справа ў тым, як улады ўвогуле ставяцца да мірных акцыяў.

Калі яны зноў будуць дэманстраваць агрэсіўнасць, гэта пакажа, што яны хлусяць, калі кажуць аб сваёй зацікаўленасці ў шчыльным супрацоўніцтве з Еўропай”.

Адзначым, што акцыю падтрымалі ўсе буйныя дэмакратычныя палітычныя партыі і арганізацыі. Для перамоваў з уладамі створаная адмысловая перамоўная група.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі