Астаповіч: Менавіта за Ладуцькам у Мінску адбыліся асноўныя страты
Старшыня Таварыства аховы помнікаў згадвае, як змянілася сталіца за 5 гадоў кіравання Ладуцькі.
Мікалай Ладуцька пачаў выконваць абавязкі кіраўніка Мінгарвыканкама з 10 чэрвеня 2009 года, ён змяніў на гэтай пасадзе Міхаіла Паўлава. З 25 чэрвеня 2010 года Ладуцька прызначаны на пасаду, на якой прабыў да 6 лістапада 2014.
Старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч па просьбе Еўрарадыё ўспамінае самыя знакавыя падзеі, звязаныя з абліччам Мінска.
"Калі ацэньваць Ладуцьку як граданачальніка і гісторыка-культурную спадчыну Мінска ў яго перыяд, я б сказаў, што самыя негатыўныя падыходы існавалі: ігнараванне права, горадабудаўнічых дакументаў і рэгламентаў. Менавіта за ім груба пачаў таптацца дэталёвы план рэканструкцыі, рэстаўрацыі гістарычнага цэнтра. Потым у адкарэктаваным генеральным плане ўсе гэтыя брутальныя змены былі зафіксаваныя".
Менавіта за Ладуцькам руйнуецца будынак першай мінскай электрастанцыі, узнікаюць аб'екты, якія не адпавядаюць гістарычнай планіровачнай структуры, не ўпісваюцца ў ландшафт. Гэта так званы "дом Чыжа" ў Траецкім, комплекс побач з цыркам і іншыя.
"Зруйнаваная першая мінская электрастанцыя, — працягвае Антон Астаповіч. — Шчыра кажучы, у мяне ёсць дакумент праверкі АБЭЗ, дзе зафіксавана, што апошнія карпусы знесеныя па вусным распараджэнні Ладуцькі ў 2011 годзе. Цяпер рэалізоўваецца праект правага боку вуліцы Гандлёвай, які практычна стаў адным з перадапошніх цвікоў у труну гістарычнага цэнтра.
Менавіта за Ладуцькам адбылася брутальная рэканструкцыя мужчынскага бернардынскага кляштара пад гасцінічны комплекс. Давялі да аварыйнага стану цэлы шэраг гістарычных дамоў. На вуліцы Рэвалюцыйнай адбылося прымусовае высяленне жыльцоў і гэтыя дамы самым брутальным чынам рэканструююцца. Яны ўжо практычна страцілі свае гістарычныя аўтэнтычныя фасады.
На вуліцы Ракаўскай рэалізуюцца праекты кшталту прыбудовы да Ракаўскай, 16Б, якія не маюць нічога агульнага з гістарычным цэнтрам. На ўскрайку гістарычнага цэнтра ўзнікае вялікі комплекс побач з Мінкультам, на тым месцы, дзе стаяў 4-ы інтэрнат БДУ і гэты комплекс залазіць на вялікую пляцоўку мінскага замчышча".
Таксама Антон Астаповіч згадвае нядаўняе руйнаванне будынка музея ВАВ, на месцы якога невядома што можа з'явіцца. Асноўныя страты гістарычных каштоўнасцяў у Мінску адбыліся менавіта за Ладуцькам, мяркуе Антон Астаповіч.
Еўрарадыё таксама згадвае іншыя знакавыя факты з біяграфіі былога мэра.
Летам 2011 года, у час эканамічнага крызісу, Ладуцька змагаецца з дэфіцытам тавараў на паліцах, звальняючы дырэктараў.
Увосень гэтага ж года выступае за адпраўку школьнікаў "на бульбу" падчас вучобы.
12 верасня 2011 Ладуцька даручае зрабіць бясплатным праезд у грамадскім транспарце для студэнтаў.
А вясной 2012 даручае прыцягваць да працы на будаўніцтве студэнтаў праз ад'езд будаўнікоў у Расію.
Таксама за час яго кіравання павышаецца цана праезду ў грамадскім транспарце, руйнуецца аўтавакзал “Маскоўскі”, замест якога будуюць офіс “Газпрама”. Парк імя 40-годдзя Кастрычніка бясплатна аддаюць кітайскай кампаніі для будаўніцтва гатэля "Пекін".