Астролаг: Эпідэмія грыпу — вынік хваробы беларускай сістэмы
Павел Глоба спасылаецца на фазы Сатурна і сцвярджае, што эпідэмія грыпу скончыцца напрыканцы лістапада, Генадзь Мельчанка ў эпідэміі вінаваціць беларускае грамадства і называе снежань “вызначальным” месяцам, а Вольга Ібрагімава лічыць, што грып не кране людзей з чыстымі думкамі. Еўрарадыё апытала найбольш вядомых у “зорных” справах астролагаў, каб даведацца, чаму вірус A1/H1N1 стаў галоўнай навіной апошніх дзён.
Адзін з самых “аўтарытэтных” астролагаў на прасторах былога Савецкага Саюза Павал Глоба лічыць, што аніякай эпідэміі з медыцынскага боку няма. Пра гэта яму “распавялі” фазы Сатурна. Таму і размовы пра “свіны грып” павінныя скончыцца напрыканцы лістапада:
Павал Глоба: “Самы галоўны момант у дадзенай сітуацыі – гэта тое, што мы не гатовыя псіхалагічна. Таму і шукаем увесь час нейкія прыкметы апакаліпсісу. Гэта гаворыць пра тое, што крызіс з большага ў нашых мазгах, а не на самой справе. Звычайная сезонная эпідэмія грыпу: пройдзе яна, як і ўсе папярэднія, і смярцей больш не будзе. Яшчэ справа ў тым, што ў нас людзі займаюцца прафілактыкай захворванняў наогул вельмі дрэнна, калі параўноўваць з заходнімі краінамі. Там смяротнасць нашмат меншая, ды і ў масках ніхто амаль не ходзіць”.
Кіраўнік беларускага навукова-даследчага цэнтра “Эрана” Генадзь Мельчанка галоўнай прычынай эпідэміі называе брак самой сістэмы беларускага грамадства. І калі ў нашай краіне тэрмінова не будуць прынятыя пэўныя прафілактычныя захады, напрыканцы снежня Беларусь зноў чакае цяжкі перыяд, як напачатку лістапада:
Генадзь Мельчанка: “Супакойвацца яшчэ рана. Бо снежань будзе вельмі вызначальным месяцам. Сітуацыя можа паўтарыцца, нават з большай ступенню цяжкасці, калі не будуць прынятыя прэвентыўныя меры. Прычым менавіта цяпер трэба нешта рабіць, калі мы маем дастаткова спрыяльны для гэтага перыяд, калі ўсё супакойваецца і стабілізуецца”.
Да канца лістапада, на думку астролага, нас чакае больш спакойны “эпідэмічны” перыяд. За гэты час неабходна тэрмінова прымаць нейкія захады, каб палепшыць само грамадства.
Кіраўнік мінскага астралагічнага салона Вольга Ібрагімава лічыць, што грып “захоплівае” тых, хто з’яўляецца паразітам, спажыўцом ды разбуральнікам. То бок людзям з чыстымі думкамі хвалявацца няма чаго, бо дрэннае прыцягвае да сябе дрэннае. А саму эпідэмію прыдумалі журналісты, якія арыентуюцца ў сваёй працы менавіта на большасць насельніцтва:
Вольга Ібрагімава: “Ды гэта звычайная чалавечая істэрыя. Прычым толькі з-за таго, што людзі не маюць свайго асабістага стрыжня. І не маюць свайго асабістага погляду на тое, што адбываецца навокал. Справа ў тым, што калі чалавек не мае свайго нейкага стабільнага светапогляду, ён будзе вельмі падатлівы да любой знешняй інфармацыі. І гэта гаворыць пра ўзровень развіцця нашага грамадства. І пра яго няспеласць, на жаль”.
У такой складанай сітуацыі Павал Глоба раіць беларусам ніколі не забывацца на прафілактыку абсалютна ўсіх захворванняў. А ў доказ прыводзіць сведкамі зоркі, якія нічога вядомаму астролагу пра нейкія эпідэміі грыпу не казалі:
Павал Глоба: “Мне падаецца, што людзям папросту трэба тлумачыць, што да кожнага магчымага захворвання трэба рыхтавацца. Што існуе прафілактыка, нарэшце! Прычым кожнага захворвання, у тым ліку і грыпу. А вось калі яго запускаць, дык можна і памерці. А нейкіх там нябесных канцылярый на гэты конт – няма. З гэтага я раблю выснову, што гэта звычайны сезонны грып”.
Адзінае, у чым сышліся ўсе астролагі – гэта тое, што трэба думаць. Думаць і разважаць над тым, што мы, хто мы і чаго нам насамрэч варта асцерагацца.
Чытайце таксама на Еўрарадыё:
Міністры маскі не носяць, а замест лекаў ужываюць часнык
У суседніх Літве і Польшчы — ніводнай смерці ад "свінога грыпу"
Санстанцыя Магілёва: “Летась таксама людзі паміралі — і ўсё ішло спакойна!
Лекары: “Свіны грып” ператварае лёгкія ў кашу
Людзям, якія носяць маскі на вуліцы, пагражае смяротная пнеўманія