Асуджаныя моладзевыя актывісты будуць абскарджваць рашэнне суда

Асуджаныя сёння ў Мінску Цэнтральным судом (суддзя - Алена Ільіна) 10-ць моладзевых актывістаў збіраюцца абскардзіць прысуд. Нагадаем, іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў. Самае жорсткае пакаранне атрымаў Андрэй Кім, які прызнаны судом вінаватым у тым, што ён ударыў міліцыянта, і пакараны на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму.

Уладзіміру Сяргееву і Антону Койпішу прысуджаныя штрафы памерам у 3,5 мільёна рублёў, астатнім - Міхаілу Пашкевічу, Аляксею Бондару, Арцёму Дубскаму, Алесю Стральцову, Алесю Чарнышову, Міхаілу Крываву і Таццяне Цішкевіч - па 2 гады абмежавання волі без накіравання ў спецустановы.

Яны будуць адбываць пакаранне па месцы працы з утрыманнем пэўнай сумы заробку, не змогуць пакідаць свой раён жыхарства без дазволу, выязджаць за мяжу, павінны будуць адзначацца ў міліцыі, інфармуе Радыё Свабода.

Усе асуджаныя прызналі прысуд занадта жорсткім і несправядлівым. Яны заявілі, што будуць абскарджваць рашэнне суда ў судах вышэйшай інстанцыі і паведамляць аб прысудзе ў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі