Atlantica "V"

 01 ATLANTICA - Odyssey.mp3

“V” (Ві) – новая, “французская” праца беларускага гурта Atlantica. “Французская” таму, што альбом  ужо выдадзены ў краіне шансону. Музыкі заключылі кантракт з кампаніяй Anagram Music France, тым самым зрабіўшы крок у бок жаданай “сусветнай музычнай арэны”. Музыкі сцвярджаюць, што французы ўбачылі ў беларускім гурце  тое, “чаго не хапае на французскім рынку”. Іх уразіла “душэўная лірыка” “Атлантыкі” і імідж каманды, над якім не трэба працаваць, а толькі раскруціць.

 04 ATLANTICA - If You

“V” крыху выбівае з каляіны слухача, якога цешыла папярэдняя пласцінка — “Taboo”.  Там сапраўды было шмат душэўнага, цёплага і мяккага. Альбом выклікаў уражанне фармацыі, дзе арганічна веяла замежным — Depeсhe Mode і родным — Вайцюшкевічам. “Табу” можна было проста слухаць, зарыўшыся ў цёплы плед, уяўлючы хвалі той самай Атлантыкі. А можна было танчыць, рытмічна растачаць энергію і адчуваць пазітыўны подых Зямлі. У “Taboo” было шмат музыкі, а ў “V” — камерцыі.

 09 ATLANTICA - Bomba (You Get Me Mad).mp3

 “V” — прахалодны, пралічаны альбом. Можна нават сказаць, прадукт. Відавочна, што новыя гарызонты зрабілі сваю справу — музыкі надта стараліся спадабацца. Адсюль — засяроджанасць на гуку, рытміцы, музычный фрызуры, адценнях, нюансах, паклонах. Усё гучыць проста ідэальна! Але вуху сумна. Часам хочацца той схаванай растрапанасці, якая жыла ў “Taboo”. Хочацца ды-хаць, а не несціся па аўтабане. Цікава, што ўздыхнуць на альбоме дазваляюць французскамоўныя трэкі. Музыкі аддаюць даніну шансону з водгукам іспанскіх жарсцяў у трэку “Vendetta”. Але сама “Францыя” — душэўная, з традыцыйным гармонікам, рэфрэнамі і Како Шанэль з’яўляецца толькі напрыканцы дыску — “La Vie Est Belle”.

 10 ATLANTICA - La Vie Est Belle.mp3

Пры праслухоўванні “Taboo” зусім не хацелася нічога аналізаваць — было проста радасна ад добрай музыкі, якая нарадзілася ў тым ліку і з прыходам у гурт Алега Івановіча (гітарыст W-Z Orkiestra). З “V” — наадварот. Альбом захоўвае ўласцівы для Atlantica поп-стайл 80-х. Але, магчыма, з хібамі ў растаноўцы трэкаў, поп-стайл моцна “давіць”, хочацца яго неяк расфарбаваць, дадаць нечага больш актуальнага ў стылістыцы, жывога! Відавочна, што з “жывымі” эксперыментамі Алега Івановіча музыкі перастрахаваліся. Проста зрабілі роўную, грунтоўную, недзе нават бліскучую працу. Але за бляскам няма зместу, таямніцы, магіі. Па-ранейшаму ў фаворы дарагія касцюмы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі