Аўтар фота, замаляванага ў музеі, пракаментаваў падзею
Па словах работнікаў выставы, сцяг на фота зафарбавалі яшчэ да адкрыцця, бо той не спадабаўся адміністрацыі музея. З фота працаваў рэстаўратар музея.
Як паведамляла Еўрарадыё, на выставе сучаснага мастацтва Zabor у Нацыянальным мастацкім музеі работнікі замалявалі частку фатаграфіі. Крамольным ім падалося графіці ў выглядзе нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.
Аўтар фатаздымка Сяргей Гудзілін на час выставы “абстрагаваўся ад сітуацыі”, як ён патлумачыў Еўрарадыё.
Гудзілін: “Калі ідзе выстава мастака ці фатографа, то на час выставы ён замаўкае і за яго гавораць яго творы”.
Арт-праект Zabor прадстаўляе у Нацыянальным мастацкім музеі працы 10 сучасных мастакоў. Выстава працягнецца да 3 кастрычніка.