Бакалаўрыят адмянілі, каб маладыя спецыялісты не ўцякалі за мяжу

Пакуль увесь свет інтэгруецца, уводзячы агульныя стандарты вышэйшай адукацыі, Беларусь самаізалюецца.
Двухступенная сістэма вышэйшай адукацыі ў нашай краіне нарэшце ўзаконеная. Аднак гэта зусім не тыя бакалаўрыят і магістратура, што ў Еўропе.
Застаюцца звычайныя пяць год навучання – гэта першая ступень. А другая – як мінімум два гады магістратуры. І толькі пасля яе – аспірантура. У Еўропе бакалаўрыят складае чатыры гады.

На думку старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Здановіча, магістратура – гэта прылазня аспірантуры:

“Згодна са статыстыкай, каля 7% нашых аспірантаў робяць абарону ў першыя тры гады вучобы ў аспірантуры. Мы мяркуем, што падчас вучобы ў аспірантуры моладзь вызначыцца, ці сапраўды яны хочуць займацца навукай, альбо іхняе прызначэнне – гэта вытворчасць ці праца ў канкрэтнай арганізацыі, не звязаная з навукай”.

Па словах Уладзіміра Здановіча, 5 гадоў навучання ў ВНУ нярэдка бывае недастаткова для прыняцця такога рашэння. У Еўропе ж пацець у перадлазні не жадаюць. Па крэдытнай сістэме студэнты не зарабляюць адзнакаў, ім налічваюцца балы (крэдыты). З іх дапамогай навучэнец можа сам мадэляваць сваё навучанне – у адзін семестр набраць менш крэдытаў і адпрацаваць іх у наступным.

Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Анатоль Міхайлаў лічыць, што чатырохгадовы бакалаўрыят з крэдытнай сістэмай – найлепшы варыянт для вышэйшай адукацыі.

“Неабходна распрацаваць нейкія адзіныя універсальныя патрабаванні, якія б маглі розныя праграмы і па якасці, і па характары зрабіць супастаўнымі. Справа ў тым, што тут крэдытная сістэма. Гэта сістэма, якая перастае быць рэпрэсіўнай у адносінах да студэнтаў. Яна не так перагружаная ўсякімі лекцыйнымі і семінарскімі заняткамі”.

Акрамя таго, такая еўрапейская двухступенная сістэма дазваляе бакалаўрам працягнуць іншую магістэрскую адукацыю: фізік, да прыкладу, можа атрымаць дыплом біяфізіка, філолаг – журналіста. Аднак Уладзіміра Здановіча больш непакоіць той факт, што нашыя бакалаўры могуць уцячы за мяжу, бо прымусіць іх адпрацаваць дзяржаве немагчыма:

“Бакалаўр – гэта той чалавек, які за чатыры гады асвоіў тэарэтычны курс і не мае ніякай практычнай падрыхтоўкі. Калі б мы пачалі весці падрыхтоўку бакалаўраў, то ў нас, па-першае, у рэспубліцы на рынку працы ўзнікла б вельмі шмат не спецыялістаў, а менавіта бакалаўраў.

А па-другое, я атрымліваю тут тэарэтычную падрыхтоўку. Затым я еду на тэрыторыю сумежнай дзяржавы, праходжу практычную падрыхтоўку і застаюся там працаваць. І пры гэтым нічым не абавязаны краіне, таму што мы не маем права прымусіць чалавека працаваць, які працаваць не ўмее. Мы яго не вучылі”.

У той жа сістэме, якую цяпер прынялі ў беларускім парламенце, знайшлося, чым утрымаць выпускнікоў ВНУ. Становячыся спецыялістамі, яны мусяць адпрацаваць два гады на сваю радзіму па размеркаванні.

Старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі Палаты прадстаўнікоў упэўнены, што нашая адукацыя не горшая за замежную. Анатоль Міхайлаў наконт гэтага пярэчыць. Маўляў, няхай пра гэта скажуць іншыя:

“А дзе плыні студэнтаў, якія з’язджаюцца з усяго свету – з Амерыкі, Еўропы, каб прыпасці да гэтай жыццядайнай крыніцы нашых ведаў?”

Аднак, як кажуць, сам сябе не пахваліш – ніхто не пахваліць.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі