15-гадовы блогер можа стаць першым Святым міленіялам — #ІхНоравы

Агляд міжнародных навін 24 траўня 2024

Агляд міжнародных навін 24 траўня 2024 / @rubanau_collage

Некаторыя рэчы ў свеце невытлумачальныя. Чаму здымак сабакі раптам робіцца вірусным і выклікае смех у мільёнаў людзей? Планеты, падобныя да Зямлі, сапраўды існуюць, ці гэта толькі прыдумкі астраномаў, каб не было так самотна ў нашым бясконцым Сусвеце? Як так атрымліваецца, што людзі, блізкія да смерці, раптам вяртаюцца да жыцця насуперак усім законам медыцыны?

Пра гэта — наш традыцыйны агляд міжнародных навін.

У Японіі памёр мемны сабака

Яму было 18,5 года. Са словаў гаспадыні, жывёліна апошнія два гады цяжка хварэла і адышла ў сне.

Сабака пароды сібу-іну па мянушцы Кабосу стаў вядомым у 2013-м. Даволі нечакана, бо гэта быў звычайны сабака з прытулку, фатаграфіі якога яго гаспадыня размяшчала ў сваім блогу.

Сабака спадабаўся аўдыторыі і падаўся смешным. Адзін са здымкаў з непісьменным подпісам Doge замест Dog расцягнулі на мемы. Так пёс і стаў знакамітым.

15-гадовы блогер можа стаць першым Святым міленіялам — #ІхНоравы
Знакаміты мемны сабака цяжка хварэў / @kabosumama

Потым нават з’явілася крыптавалюта з назвай Dogecoin і тым жа мемным сабакам. Цяпер гэта даволі ўстойлівы праект з капіталізацыяй больш за 23 млрд долараў.

Догекоіны ёсць нават у Ілана Маска. Ён нават заяўляў, што імі можна будзе плаціць у міжпланетным караблі Starship.

Іншапланетнае жыццё ўсё ж існуе?

Астраномы — як святары: і тым, і тым нам застаецца толькі верыць. Альбо не. Праверыць тое, што яны расказваюць, звычайнаму чалавеку немагчыма.

У навуковым часопісе, прысвечаным астраноміі, напісалі, што за 40 светлавых гадоў ад Зямлі адкрытая планета з умераным кліматам, падобны да зямнога. Яе назвалі Gliese 12b, і на ёй, як сведчаць навукоўцы, патэнцыйна можа існаваць жыццё. Толькі яшчэ не зразумела, ці ёсць на ёй атмасфера.

Цяпер астраномы ўважліва прыглядаюцца да планеты. Яе вывучаюць з дапамогай еўрапейскай арбітальнай абсерваторыі CHEOPS і наземных тэлескопаў.

“Інфлюэнсер Бога” можа стаць Святым

Карла Акуціс, падлетак з Лондана, можа стаць першым кананізаваным міленіялам. Яго называюць “інфлюэнсерам Бога”, бо блогер актыўна папулярызаваў каталіцкае веравызнанне ў інтэрнеце.

Хлопец памёр у 2006 годзе, калі яму было 15. Папа Францішак пацвердзіў два цуды, звязаных з Акуцісам — а гэта па ватыканскіх правілах ужо падстава для прызнання чалавека святым.

Першы цуд — дзякуючы, як сведчаць вернікі, малітоўнаму заступніцтву Карла Акуціса, ад прыроджанага захворвання, якое знішчае падстраўнікавую залозу, вылечылася дзіця з Бразіліі. Пасля таго як спецыяльная ватыканская камісія ўсё дакладна праверыла і пацвердзіла, што гэта менавіта цуд, невытлумачальнае ацаленне, падлетка прызналі блаславёным. Гэта адбылося ў 2020 годзе.

15-гадовы блогер можа стаць першым Святым міленіялам — #ІхНоравы
Саркафаг бласлаўлёнага Карла Акуціса ў Асізі / Vatican News

Другі цуд, які зацвердзіў як сапраўдны Папа Францішак, — стаў на ногі пасля цяжкай траўмы галавы і кровазліцця ў мозг студэнт з Фларэнцыі.

Карла Акуціс хварэў на лейкемію, ён памёр у горадзе Монца ў Італіі, дзе пражыў большую частку свайго дзяцінства. Пасля гэтага яго цела перавезлі ў Асізі — італьянскае мястэчка, звязанае з імем Святога Францішка. Цяпер яно выстаўленае разам з іншымі рэліквіямі на агляд публікі. Людзі прыязджаюць да яго маліцца.

У гонар Карла Акуціса названая парафія ў Вялікабрытаніі. У Шатландзіі ёсць яго статуя.

Калі менавіта адбудзецца кананізацыя, пакуль невядома. Звычайна гэта няхуткі працэс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі