Праз РБ паедуць расійскія эшалоны. Падрыхтоўка да вучэнняў ці запалохванне?
Чыгунка
Расія рыхтуецца перакінуць у Беларусь вайсковыя эшалоны, расказалі Еўрарадыё ў Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі. Колькі і калі — пакуль незразумела.
"Гэта папярэдняя інфармацыя. Гаворка ідзе пра падрыхтоўку інфраструктуры, распрацоўку графікаў руху, планаванне вайсковых перавозак. Мінулым разам такія ж сігналы мы фіксавалі перад разгортваннем саюзнай групоўкі войскаў у канцы 2022 года і іншых індыкатарах", — кажа нам стваральнік супольнасці Сяргей Вайцяховіч.
Па падобных ускосных сігналах яшчэ да пачатку вайны ў кастрычніку 2021 года чыгуначнікі заўважылі, што "нешта рыхтуецца".
"Мы зразумелі гэта па нарадзе, якую праводзіла АДКБ. Там абмяркоўвалі тэхнічнае прыкрыццё чыгунак. З гэтай нарады выцеклі некалькі дэталяў, але іх хапіла, каб мы зрабілі правільную выснову і далі інфармацыю ў адкрыты доступ", — успамінае Вайцяховіч.
Тады, у пачатку 22-га года, праз Беларусь рэгулярная армія РФ ехала на фронт і вярталася з фронту. У Беларусь расіяне прыязджалі на навучанне або лячэнне. Напярэдадні ўварвання ва Украіну на тэрыторыю Беларусі ў "рамках сумесных стратэгічных вучэнняў" за 7 сутак прыбыло больш за 33 эшалоны з ваеннай тэхнікай і вайскоўцамі УС РФ.
Пасля таго як расійскія войскі адышлі ад Кіева, большая частка вайскоўцаў з'ехала назад у Расію. Тады вывозілі не толькі кантынгент, але боепрыпасы і ваенную тэхніку. Наступны раз расіяне прыехалі ў Беларусь прыкладна праз паўгода.
"Калі яны зноў прыедуць, то для таго, каб трымаць у напружанні рэгіён. І поўдзень (Украіну), і Захад. Але гэта толькі маё меркаванне, рабіць высновы я не бяруся, наша асноўная задача — адсочваць дзейнасць Беларускай чыгункі", — кажа Вайцяховіч.
Днямі Расія пачала вучэнні з тактычнай ядзернай зброяй. Не выключана, што дастаўку ў Беларусь тэхнікі і асабовага складу чыгункай будуць тлумачыць удзелам Беларусі ў гэтых вучэннях. Пра тое, што Мінск да іх далучыцца, абвясцілі ў пачатку траўня.
Звычайныя беларусы змогуць заўважыць вайсковыя эшалоны толькі калі тыя прыйдуць у Беларусь. Уся падрыхтоўка да перакідвання вядзецца пад грыфам "Сакрэтна" і "Цалкам сакрэтна", дадалі ў Супольнасці чыгуначнікаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.