Банк, што выдае крэдыт на навучанне пад 30%: Гэта лічыцца танным крэдытам!

У стужцы навін рэклама — крэдыт “Школьны” ад ВТБ-банка. І ўсё б нічога, але ні на сайце, ні ў рэкламе я не знайшла працэнтнай стаўкі. Яе мне падказвае дзяўчына-кансультант — 39,9% гадавых! Звычайны спажывецкі крэдыт у гэтым банку — 29,9% гадавых на пяць гадоў.

“Крэдыт даецца на два гады, працэнтная стаўка — 39,9%. Плюс абаненцкая плата: за зняцце наяўных грошай, адкрыццё рахунку, яго абслугоўванне”, — кансультуюць у банку.

Сям’я з трох чалавек і заробкам у 2 мільёны (аднаго з членаў сям'і) можа разлічваць на 12 мільёнаў крэдыту. Але на зборы ў школу, па маіх самых сціплых падліках, хопіць і 3,5 мільёнаў. Мільён з гэтага будзе каштаваць касцюм — штаны ды пінжак. Да ўсяго, трэба некалькі кашуль, абутак, заплечнік, спартовы касцюм і кеды, а таксама канцтавары ды аплаціць падручнікі. Такую суму ў банку мне дадуць, аддаваць давядзецца амаль удвая болей.

“У месяц вы будзеце выплачваць каля 274 тысяч рублёў, а за два гады сума пераплаты разам з асноўнай пазыкай складзе 6,5 мільёнаў!” — падлічваюць у банку. Але ж у банку кажуць, што такі крэдыт бяруць!

У Беларусбанку даюць крэдыты на медпаслугі і на добраўпарадкаванне могілак. Крэдыты выдаюць пад 26,5% гадавых, з той розніцай, што крэдыт на медпаслугі можна выплачваць два гады, а на добраўпарадкаванне могілак — адзін.

Цікаўлюся, на якую суму можа разлічваць, да прыкладу, пенсіянер, калі пенсія складае ўсяго 2,2 мільёны.

Аказваецца, могуць даць каля 8 мільёнаў. Аддаваць у месяц давядзецца амаль палову пенсіі!

“Сума плацяжоў за месяц складае 940 тысяч рублёў.  Агульная сума выплаты — каля 9,7 мільёна”, — кажуць у банку.

Самы танны помнік у Мінску каштуе каля 250 долараў. І за ўстаноўку, надпіс, аздабленне — столькі ж. Затое ў падарунак вытворцы помніка дадуць вазу.

Ільготны крэдыт на экстракарпаральнае апладненне даюць пад 10,25%. У “Беларусбанку” кажуць, што за час існавання крэдыту (а гэта болей чым паўгода) ім скарысталіся ўжо 342 жанчыны!

У Белінвестбанку прапаноўваюць крэдыт на навучанне студэнтам ВНУ і ССНУ пад 30%. Але сумна заўважаюць, што такі крэдыт бяруць рэдка. Можа таму, што паступіць на бюджэт вельмі проста?

Такі ж крэдыт даюць і  ў Беларусбанку. Але тут ёсць ільготны варыянт. На ільготу могуць прэтэндаваць тыя, хто мае на кожнага непаўналетняга члена сям’і тры бюджэты пражытковага мінімуму — каля 4,7 мільёнаў.

“Калі падпадаеце пад ільготу, банк праплаціць 70% ад кошту навучання. Але там больш паперак трэба збіраць”, — адразу папярэджваюць у банку.

Калі даход вышэйшы, стаўка будзе стандартнай — 30,5%. Штогод крэдытаатрымальніку патрэбна будзе браць наступны крэдыт. Сума крэдыту залежыць не ад платы за навучанне, а ад заробку.

“Калі бераце 22 мільёны (менавіта столькі каштуе адзін курс навучання на стаматалагічным факультэце БДМУ), 3,8 мільёна аддасце як працэнты. Прынцып такі: пакуль дзіця вучыцца — выплачваюцца працэнты, а потым банк дае 5 гадоў растэрміноўкі. Дамова заключаецца на год, на наступны год трэба будзе заключыць дадатковую дамову, і працэнты будуць ісці на 42 мільёны, а не на 22”, — кажуць у банку. І дадаюць, што гэта нядорага.

“Дык мы вам лічылі па стаўцы 30%, а калі б нейкі мабільны бралі, дзе крэдыт пад 50%? Заплацілі б не тры мільёны, а ўсе сем. Гэта лічыцца танным крэдытам”.

36 падпісчыкаў Еўрарадыё “У кантакце” адказалі, што імкнуліся б ні ў якім разе не браць крэдыту. 18 падпісчыкаў крэдыт возьмуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі