БАТЭ заключыў кантракт з яшчэ адным сербскім легіянерам
25-гадовы Неманья Мілунавіч далучыўся да збору барысаўчан у турэцкім Бэлеку.
Футбольны клуб БАТЭ падпісаў кантракт з 25-гадовым цэнтральным абаронцам Неманьяй Мілунавічам з Сербіі. Спартсмен далучыўся да “жоўта-сініх” у часе іх другога збору ў Бэлеку — і прыняў удзел у кантрольных матчах з “Црвенай Звездай” і “Тэрэкам”. У выніку трэнерскі штаб на чале з Аляксандрам Ермаковічам ухваліў далейшае супрацоўніцтва з сербскім легіянерам.
Сваю прафесійную кар’еру Мілунавіч распачаў у “Борацы” з Чачака ўвесну 2008 года. У гэтым клубе пачынаў гуляць і іншы сербскі легіянер БАТЭ Філіп Младзенавіч. Таксама ён выступаў у “Младасці”, дзе ў 156 афіцыйных паядынках забіў 13 мячоў. Апошнія два гады Мілунавіч быў капітанам гэтай каманды, інфармуе афіцыйны сайт БАТЭ.