Байдэн на сустрэчы з Зяленскім абвесціць пра новы пакет вайсковай дапамогі
Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі
Падчас сённяшняй сустрэчы Джо Байдэна і Уладзіміра Зяленскага амерыканскі прэзідэнт абвесціць пра новы пакет дапамогі Украіны. Пра гэта заявіў дарадца Белага дома па нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван, перадае Бі-Бі-Сі.
Ён дадаў, што ў новым пакеце дапамогі не будзе ракет далёкага радыусу дзеяння ATACMS, пра якія доўгі час просіць афіцыйны Кіеў.
Асноўная ўвага ў чарговым пакеце дапамогі будзе надавацца сродкам супрацьпаветранай абароны, каб Украіна магла супрацьстаяць такім ударам па крытычнай інфраструктуры, якія адбыліся ў ноч на чацвер. Гэта дапаможа ўкраінцам умацаваць сваю абарону перад зімой, калі расійы зноў будуць атакаваць крытычную інфраструктуру краіны. "Такім чынам Расія спрабуе пазбавіць звычайных украінцаў такіх неабходных рэчаў, як ацяпленне і электрычнасць", — кажа Саліван.
Гаворачы пра пастаўкі ракет далёкага радыусу дзеяння, Саліван зазначыў, што на сёння Байдэн вырашыў не прадастаўляць ATACMS, але не зняў гэтае пытанне з парадку дня.
Дарэчы, новы пакет таксама ўключыць зброю, закліканую дапамагчы Украіне захоўваць тэмп контрнаступу. Па словах Салівана, там будуць дадатковыя боепрыпасы для рэактыўных сістэм залпавага агню HIMARS, бранябойныя сродкі, артылерыйскія снарады і вялікая колькасць касетных боепрыпасаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.